Дзяржаўны тэлеканал АНТ апублікаваў 10 жніўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку пашырэньня COVID-19. Міністэрства здароўя Беларусі пакуль не публікавала гэтых зьвестак.
Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалі практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за содні. У другой палове чэрвеня афіцыйная статыстыка пачала паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень. З другой дэкады ліпеня паведамляюць аб прыблізна 150 новых выпадках на дзень, усё тыя ж 4–́6 штодзённых сьмерцяў. Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.
Паводле АТН, на 10 жніўня ў Беларусі:
Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра пацьверджаныя 68 850 выпадкаў COVID-19 (плюс 112 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 587 чалавек (плюс 2 за дзень), выпісалі 64 935 чалавек (191 за дзень).
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.
Аляксандар Лукашэнка заявіў 28 ліпеня, што «на нагах» і бессымптомна перанёс каранавірус. Увесь месяц перад гэтай заявай ён актыўна праводзіў сустрэчы і паездкі па Беларусі. Раней ён заяўляў, што «асабліва ня парыцца» наконт выяўленых выпадкаў каранавірусу. Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.