Пандэмія зьяўляецца ня проста распаўсюджаньнем нейкай хваробы, а палітычнай і эканамічнай вайной, заявіў Аляксандар Лукашэнка ў часе сустрэчы з работнікамі аховы здароўя.
Пры гэтым Лукашэнка выказаў заклапочанасьць, што ў сьвеце так і не вынайшлі рэцэпты, як вылечыць захворваньне.
«Але разам мы справіліся, насуперак усім крытыкам і нядобразычліўцам, — цытуе яго БелТА. — Іх было шмат, і будзе яшчэ нямала, таму што, як я вас папярэджваў тры месяцы таму, пандэмія — гэта ня проста хвароба. Гэта палітычнае і, як ужо сёньня бачым, эканамічнае нават не супрацьстаяньне, а вайна».
Аляксандар Лукашэнка перакананы, што некаторыя дзяржавы спрабуюць выкарыстоўваць каранавірус, каб «падняцца, ўзвысіцца і апусьціць іншых, калі гэта ў іх атрымаецца».
«Паступова нашыя лекары, усе, хто быў датычны да гэтай барацьбы, вяртаюцца да звыклага жыцьця. Вы зможаце нарэшце абняць сваіх дзяцей, жонак, мужоў, бацькоў, якіх шмат хто з вас ня бачыў тыднямі, а часам месяцамі, бо многія з вас жылі ў лякарнях і лябараторыях. Расставаньне далося нялёгка. Але вы добраахвотна пайшлі на гэта дзеля адданасьці прафэсійнаму абавязку», — падсумаваў Лукашэнка падчас сустрэчы зь лекарамі.
Раней Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што перанёс каранавірус на нагах.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ