Пасьля некалькі пераносаў Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да народу і парлямэнту. Пра што ён сказаў за чатыры дні да прэзыдэнцкіх выбараў? Лукашэнка выступаў у Палацы Рэспублікі ў Менску паўтары гадзіны перад 2,5 тысячы чалавек. Самае важнае зь ягонага выступу, ягоныя абяцаньні беларусам і пагрозы апанэнтам, якіх ён называў «альтэрнатыўшчыкамі».
«Плянэта скочваецца ў бездань»
Сваё пасланьне Аляксандар Лукашэнка пачаў з глябальнага аналізу: сотні тысяч жыцьцяў па ўсім сьвеце забрала пандэмія, па ўсім сьвеце пракаціліся масавыя беспарадкі, трашчыць па швах Эўрапейскі Зьвяз.
«Трасе ўсю плянэту! — заявіў ён. — Увесь сьвет пагрузіўся ў хаос гандлёвых войнаў і інфармацыйнага супрацьстаяньня. Расьце напружанасьць у ваеннай сфэры — больш за траціну дзяржаваў так ці інакш уцягнутыя ў збройныя канфлікты. Плянэта скочваецца ў бездань».
ЗША ўступілі ў працэс турбулентнасьці, у Кітаі выбухнуў Ганконг, «заіскрыла» на мяжы Індыі і Пакістану, новыя ачагі нестабільнасьці ў Паўночнай Афрыцы. Тое ж на постсавецкай прасторы: армянска-азэрбайджанскі канфлікт, Прыднястроўе, нарэшце Ўкраіна. І на гэтым разломе апынулася Беларусь — «адзінае зьвяно, якое жыве сваім розумам».
Запэўніў, што Беларусь не сябруе «супраць» кагосьці, а за шматвэктарную і прадказальную палітыку. І хоць Расея памяняла «братэрскія адносіны на партнэрскія», гэтая дзяржава застанецца найбліжэйшым саюзьнікам, хто б ні быў ва ўладзе ў Менску ці Маскве.
«Беларусь справілася з каранавірусам»
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь — ці не адзіная краіна, якая «годна справілася з каранавірусам». Хто не сьляпы, той бачыць, — удакладніў ён. Гэта быў «асаблівы шлях», на кожным этапе дзяржава прымала адэкватныя меры. Вырашальную ролю, на яго думку, адыграў удумлівы падыход да праблемы, што дазволіла не сартаваць хворых, як на фронце: маўляў, хто слабейшы, ня варта і лячыць.
Ён скрытыкаваў мэтады замежных дзяржаў, дзе ўводзілі карантын, камэнданцкія гадзіны, спынялі прамысловую вытворчасьць і г.д. Заявіў, што ў кароткія тэрміны ўдалося мабілізаваць сотні прадпрыемстваў, якія пераарыентаваліся на выпуск індывідуальных сродкаў абароны. Пахваліў вэртыкаль улады, але пра валянтэраў, якія зьбіралі грошы і абсталяваньне, згадаў толькі ўскосна.
Таксама пацьвердзіў, што трапіў у «залаты фонд» тых, хто перахварэў на каранавірус.
«Затрыманыя баевікі ўсё расказалі»
Аляксандар Лукашэнка абверг выказваньні расейскіх палітыкаў, што затрыманыя ў Беларусі ўдзельнікі прыватнай вайсковай арганізацыі «Вагнэра» ляцелі ў Стамбул.
«Хлусьня пра Афрыку, Лацінскую Амэрыку і г.д. Сьпярша Стамбул, пасьля Вэнэсуэла, потым ужо пазванілі, сказалі, што самі ня ведаем куды. Мы ведаем! Каманда была чакаць сыгналу. Чаму празь Беларусь? А ня з Крыму ці Новарасійску. Расказалі ўсё! Перастаньце хлусіць! Мы ўсё ведаем. Не падкідвайце тут ядзернай зброі. Не распальвайце, бо палыхне так, што да Ўладзівастоку дакінецца».
Паводле Лукашэнкі, 4 жніўня паступіла інфармацыя яшчэ пра адзін атрад баевікоў, перакінуты на поўдзень Беларусі. «І гэта падчас уборачнай кампаніі!», — чамусьці спаслаўся ён на сельскагаспадарчыя працы.
«Усіх адловім, не сумнявайцеся», — паабяцаў ён.
«Тры няшчасныя дзяўчонкі»
Значная частка прамовы была прысьвечаная альтэрнатыўным кандыдатам. Не называючы прозьвішчаў, згадаў сваю апанэнтку Сьвятлану Ціханоўскую і яе паплечніц — Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу.
Выказаў абазнанасьць, што цэлая армія інтэрнэт-троляў, інфармацыйных правакатараў працуе дзень і ноч, каб «дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне».
«Што вы творыце? Знайшлі гэтых трох няшчасных дзяўчонак. Яны ж не разумеюць, што яны чытаюць. Што вы ім пішаце? Павядзем на „чэсныя“ выбары, выпусьцім эканамічных, палітычных, наркаманаў і крымінальнікаў, правядзем „чэсныя“ выбары і будзем жыць (сказаў на трасянцы. — РС). Але вы ж ім хоць падкажыце, што не прэзыдэнт у Беларусі прызначае выбары. Што пасьля „нячэсных“ выбараў ніколі беларускі парлямэнт ня ўрыне краіну ў чараду перадвыбарчых кампаній, не прызначыць чарговыя выбары. ...Мы ж бачым, хто за імі стаіць».
На аснове новых тэхналёгій вырашылі на Беларусі апрабаваць мэтодыку «каляровай рэвалюцыі», выказаў абазнанасьць Лукашэнка.
«Ня будзе такога! — папярэдзіў ён. — Пакуль вэртыкаль улады моцная і карыстаецца даверам народу, разгойдаць дзяржаву не атрымаецца».
«Адпор будзе самы жорсткі»
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў абараніць уразьлівыя групы выбарчай кампаніі — чальцоў выбаркамаў, якія зазнаюць «калясальны прэсінг», і праваахоўнікаў, якіх «зусім зацкавалі».
«Дзяржава вас ня кіне, знойдзе ўправу на экстрэмістаў, — сказаў ён. — Хочаце новага прэзыдэнта — ідзіце не на плошчу, а на выбарчыя ўчасткі. Мы нікому не закрываем рот. Дазволеная акцыя — ідзі. Нельга — парушэньне. Выконвай закон. Адпор будзе самы жорсткі».
Лукашэнка перакананы, што «нельга ўзначаліць краіну, узяўшыся зь ніадкуль». Рэформы павінны пачынацца не з «жывых ланцугоў», а з Канстытуцыі. Але вяртаньне да закону 1994 году — поўны абсурд, заявіў ён. Запэўніў, што цяперашні парлямэнт прапануе народу свой варыянт.
«Ім патрэбная неразьбярыха ў краіне толькі дзеля адной мэты — прыхватызаваць уласнасьць, — сказаў Лукашэнка. — Але ліміты рэвалюцый і разбурэньняў вычарпаныя. Нічога ў гэтых лялькаводаў не атрымаецца, толькі пацярпяць людзі».
Пакуль не страляюць, але спроба арганізаваць бойню ў Менску відавочная, падсумаваў ён.
«Творцы страцілі ўсялякае сумленьне»
Лукашэнка панаракаў, што некаторыя творцы, якія яшчэ нядаўна прызнаваліся яму ў любові, пачынаюць таптаць таго, «хто іх выгадаваў і выпеставаў». Страцілі ўсялякае сумленьне, зьдзівіўся ён.
«Учора кланяліся, а сёньня ганяць. Што зь імі здарылася літаральна за суткі? Але запомніце: здрада ніколі не даруецца, нават на нябёсах», — сказаў Лукашэнка, згадаўшы, што ў свой час у яго стралялі, зьбівалі, прыніжалі, але ён ніколі ня плакаў і нікому ня здрадзіў.
І выказаў перакананьне, што такімі «няўдзячнымі людзьмі» ўмела маніпулююць, асабліва маладымі.
«Неадукаваны чалавек — страшны чалавек у будучым, — заявіў Лукашэнка. — Толькі той, хто сябруе з мазгамі, раскінуўшы імі, можа зразумець, што адбываецца ў сьвеце. А хто думае айфонам, таго будуць пастаянна замбаваць. Калі ня спынімся, будзем мець плянэту хаосу».
Па яго словах, усе вырашальныя бітвы цяпер адбываюцца ў інтэрнэце, у тым ліку «каляровыя рэвалюцыі». «Дайце выратаваць краіну. На эмоцыях нельга вырашаць ніводнае пытаньне», — зьвярнуўся ён з трыбуны.
«Шэйман зь пісталетам езьдзіў па краіне»
Падчас пасланьня Аляксандар Лукашэнка прывёў чарговыя падрабязнасьці, як пад ягоным кіраўніцтвам улада змагалася з арганізаванай злачыннасьцю. 32 банды зьнішчылі толькі ў Менску, сказаў ён.
«Краіна кацілася ў бездань, а народ апынуўся на мяжы выжываньня. Банды арудавалі ад Масквы да мяжы з Польшчай, абабіраючы ўсіх. Але мы іх за паўгода ўсіх вычысьцілі, як некалі Жукаў у Адэсе. Вы хочаце ў 1990-я, гэтага хочаце? Каб краіну падзялілі на сэктары і зьбіралі даніну, насілі па вэртыкалі? Пры мне гэтага ня будзе. ...Засталося зусім няшмат. Адзін Шэйман і яшчэ некалькі чалавек, якія зь пісталетамі хадзілі, зьнішчаючы падонкаў. Мы гэта прайшлі, і нам тады ніхто не дапамог», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Раней Лукашэнка неаднойчы згадваў, як змагаўся з бандытызмам у 1990-х, але ўпершыню расказаў пра датычнасьць да гэтага ягонага шматгадовага памочніка Віктара Шэймана. У свой час той займаў пасады дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, быў выканаўцам абавязкаў міністра ўнутраных спраў, генэральным пракурорам, а таксама кіраваў прэзыдэнцкай адміністрацыяй. Цяпер кіраўнік спраў прэзыдэнта.
«Пад бізун загнаць не атрымаецца»
Пры канцы пасланьня Аляксандар Лукашэнка чарговым разам напалохаў электарат наступствамі «хаосу» ў выпадку зьмены ўлады. Права на памылку няма, — працытаваў ён сваю «дактрыну», просячы народнай падтрымкі.
«Цяпер на Беларусь глядзіць увесь сьвет: ці зможа выстаяць гэтая краіна ў „гібрыднай бойцы“? Бо цудоўна разумеюць, што наступнымі будуць яны. Зьвергнуць, зьнішчыць Лукашэнку — вось якая стаяць задача перад тымі, хто імкнецца да ўлады. Але ў лапці абуць нас ня ўдасца і пад бізун загнаць не атрымаецца. Вы спазьніліся роўна на чвэрць стагодзьдзя. Краіну не аддадзім, незалежнасьць каштуе занадта дорага», — скончыў свой выступ Лукашэнка.
Пасьля таго як ён сышоў з трыбуны, 2,5 тысячы слухачоў пасланьня ў Палацы Незалежнасьці яшчэ доўга пляскалі яму ўсьлед, не адважваючыся спыніць хвалю «бурных, працяглых аплядысмэнтаў».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.