Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі ўжо імунітэт ад хлусьні». Што сказаў Цапкала ўкраінскай аўдыторыі


Валер Цапкала 4 жніўня перад інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода, даў вялікае інтэрвію ўкраінскай службе. Гутарка адбывалася ў бюро Свабоды ў Кіеве, дзе ён цяпер знаходзіцца.

Пра Лукашэнку

«Для яго ўлада — самамэта. На фоне нашых суседзяў, на фоне іншых краін мы дэманструем мінус у разьвіцьці. Ніхто з людзей не верыць, што заўтрашні дзень будзе лепшым за сёньняшні».

Пра далейшы маршрут

З Беларусі Валерый Цапкала паехаў у Расею, цяпер ён хоча наведаць Варшаву і краіны Балтыі.

«Найбольш выбары выклікаюць цікавасьць у суседзяў. Таму пляную паехаць сьпярша ў Варшаву», — сказаў Валерый Цапкала.

Пра «фанэрных марыянэтак»

Падчас пасланьня Аляксандар Лукашэнка назваў аб’яднаны штаб Сьвятланы Ціханоўскай «кардоннымі марыянэткамі» і абвінаваціў іх у несамастойнасьці.

«За аб’яднаным штабам стаіць беларускі народ. У Лукашэнкі заўжды нехта стаіць за апазыцыяй, то гэта Крэмль, то экспарт Майдану з Украіны, то камісары ЭЗ. Пра „лялькаводаў“ мы наслухаліся. Калі жанчын нехта выкарыстоўвае, то чаму ён іншых не зарэгістраваў. Усім зразумела, што Ярмошына яго падзельніца».

Пра «вагнэраўцаў»

«Яны маглі зьняць кватэру, але прыехалі ў санаторый прафсаюзнай гасьцініцы. Яны там спыніліся і адпачывалі, адзінае — гарэлку не пілі. Мы настолькі звыкліся да яго хлусьні, што не рэагуем на яе».

На думку Валерыя Цапкалы, ніхто «затрыманых не будзе выдаваць Украіне».

Пра пагрозу анэксіі

«Тое, што Расея цяпер віноўніца ўсіх бедаў для Лукашэнкі — гэта для ўсіх сьмешна. У яго пастаянна мусіць быць зьнешні вораг».

Адказваючы на пытаньні, Цапкала канкрэтна не адказаў, чый Крым і якой пазыцыі ён прытрымліваецца ў канфлікце на Ўсходзе Ўкраіны. Валерый Цапкала патлумачыў, што «няма простага адказу на гэтыя пытаньні». Пра беларускую мову

«Трэба запускаць ток-шоў на беларускай мове, праграмы на беларускай мове. У нас цяпер, у прынцыпе, няма ток-шоў. У нас праграмы паказваюць аднаго чалавека».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG