Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала адрасаваў заклік падтрымаць свабодныя выбары ў Беларусі кіраўнікам 32 краінаў, але не Расеі


Валер Цапкала, архіўнае фота
Валер Цапкала, архіўнае фота

Расейскі тэлеканал «Дождь» заявіў, што мае адкрыты ліст экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валера Цапкалы, у якім той заклікаў прэзыдэнтаў і прэм’ер-міністраў 32 краінаў падтрымаць свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі.

У акаўнтах Цапкалы ў сацыяльных сетках няма публікацыяў пра гэты ліст, але ў Twitter ён падзяліўся навіной каналу «Дождь» пра яго.

Ліст адрасаваны кіраўнікам Армэніі, Баўгарыі, Вугоршчыны, Вялікай Брытаніі, Грузіі, ЗША, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Украіны, Францыі і іншых краінаў. У гэтым сьпісе няма Расеі.

У лісьце Цапкала заяўляе, што «Беларусьсю 26 гадоў кіруе адзін і той жа чалавек, які стварыў аўтарытарны рэжым, у якім не выконваюцца асноўныя каштоўнасьці дэмакратычнага грамадзтва: зьмяняльнасьць улады, свабода слова і волевыяўленьня, асноўныя свабоды чалавека». Улады Беларусі цяпер «актыўна перашкаджаюць» правядзеньню свабодных выбараў, чыняць сілавы ціск «на ўсіх, хто жадае справядлівасьці і празрыстасьці выбарчага працэсу», — піша ён.

Лідэраў дзяржаваў Цапкала «ад імя ўсяго беларускага народу» заклікае паспрыяць арганізацыі міжнароднага назіраньня за выбарамі і падлікам галасоў, забясьпечыць празрыстасьць гэтых працэсаў для грамадзян Беларусі на тэрыторыі іншых краінаў.

Валер Цапкала ня быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты: ЦВК адхіліла больш як палову подпісаў за яго вылучэньне, а таксама заявіла пра памылку ў падатковай дэклярацыі жонкі. Валер Цапкала зь дзецьмі зьехаў зь Беларусі ў Маскву, заявіўшы пра «сыгналы» аб пагрозе затрыманьня і цікаўнасьці сілавікоў да дзяцей. 2 жніўня ён пацьвердзіў, што знаходзіцца ўжо ў Кіеве. Яго жонка Вераніка Цапкала засталася ў Беларусі, удзельнічае ў кампаніі кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG