У якой менавіта калёніі праходзілі вучэньні, ведамства не ўдакладніла. З паведамленьня прэс-службы МУС вынікае, што на вучэньнях, сярод іншага, адпрацоўвалі дзеяньні пры бунце і захопе закладнікаў у калёніях.
У калёнію прыбылі кіраўнік МУС Іван Кубракоў, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Алег Маткін і УУС Магілёўскага аблвыканкаму Ігар Шчарбачэня, кіраўнікі сілавых структур рэгіёну і дзяржаўных органаў.
У МУС сьцьвярджаюць, што беларускія сілавікі «старанна вывучылі і прааналізавалі замежны вопыт рэагаваньня на масавыя беспарадкі ў папраўчых установах і зрабілі адпаведныя высновы», каб не дапусьціць падобнага ў Беларусі.
«Памятаем пра інцыдэнт у адной з калёній у Расеі, дзе загінулі праваахоўнікі, і разумеем, што на сьвядомасьць асуджаных, якія адбываюць пакараньне ў папраўчай калёніі, могуць паспрабаваць узьдзейнічаць звонку», — адзначыў Іван Кубракоў.
Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, у ноч на 13 жніўня 2020 году, у бабруйскай калёніі № 2 адбыўся мітынг — больш за 500 вязьняў выйшлі ва ўнутраны двор выказаць свой пратэст. Мітынг працягваўся ўсю ноч — людзі стаялі, выкрыквалі лёзунгі, крычалі „Жыве Беларусь!“, вывешвалі самаробныя бел-чырвона-белыя сьцягі ў акенцах. Ніхто ня спаў пасьля адбою, ложкі выносілі на вуліцы.
Пасьля бунту ў бабруйскай калёніі шэраг вязьняў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, адправілі на «крытыя зоны» да канца тэрміну і асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне» адміністрацыі калёніі. У калёніі паміж лякацыямі паставілі платы з калючым дротам, электронныя замкі і камэры відэаназіраньня, расказваў Свабодзе былы вязень.
- Перадвыбарныя камандна-штабныя вучэньні сілавікоў праходзяць з 19 па 22 лістапада па ўсёй Беларусі. 19 лістапада сілавікі адпрацоўвалі «альгарытмы спыненьня парушэньняў заканадаўства на ўчастку для галасаваньня». 20 лістапада ў Менску адпрацоўвалі разгон мітынгаў і дэманстрацый, таксама ў адным з гандлёвых цэнтраў прайшоў трэнінг спэцназу. 21 лістапада ў Магілёве адпрацавалі «затрыманьне ўдзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства, спыненьне блякаваньня праезнай часткі, групавых парушэньняў грамадзкага парадку». КДБ у межах вучэньняў увёў рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Горадні і Горадзенскага раёну.
- Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Многія электаральныя кампаніі суправаджаліся фізычным гвалтам, разгонамі пратэстоўцаў і палітычна матываванымі судамі над нязгоднымі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум