Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэтным арганізацыям Беларусі дазволілі скарачаць штат і даплочваць работнікам за дадатковую працу


Ілюстрацыйнае фота. У беларускай школе
Ілюстрацыйнае фота. У беларускай школе

У Беларусі уводзяць зьмены ў працы бюджэтнікаў: дзяржаўным арганізацыям дазволілі скарачаць штат і даплочваць работнікам за дадатковую нагрузку. Гэта прадугледжана спэцыяльным указам Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе яго прэс-служба.

21 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 429, які ўносіць зьмены ва ўказ «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацыяў». Згодна зь ім, кіраўнікам бюджэтных арганізацыяў далі права па ўзгадненьні з прафсаюзам скарачаць колькасьць штату — то бок «зацьвярджаць штатную колькасьць работнікаў у меншай колькасьці, чым вызначана тыпавымі штатнымі раскладамі і нарматывамі колькасьці.

Пры гэтым зэканомленыя такім чынам грошы бюджэтным арганізацыям дазволілі накіроўваць на даплаты пакінутым работнікам — за выкананьне дадатковых працоўных абавязкаў (зь іх згоды) па аптымізаваных пасадах.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі дадалі, што памер даплаты складзе да 100% заробку па той прафэсіі, па якой работнік будзе выконваць «дадатковыя працоўныя функцыі» (у залежнасьці ад аб’ёму працы). «Гэта значыць, у супрацоўніка зьявіцца магчымасьць павялічыць заработную плату да двух разоў», — сьцьвярджаюць у ведамстве.

Як удакладняецца, зьмены ўводзяць для «павышэньня заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый з улікам выкананых імі працоўных абавязкаў».

У Беларусі апошнім часам назіраецца вялікі недахоп кадраў, які закрануў многія сфэры. На рынку працы чарговы антырэкорд — 168 830 вакансіяў у агульнарэспубліканскай базе на раніцу 21 лістапада (на момант публікацыі), пры гэтым рэзюмэ – толькі 13 204. Толькі за апошні тыдзень у базу дадалі 17 286 вакансіяў. Гэтая праблема цягнецца ўжо больш за год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG