Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі завочна асудзілі ўжо 112 чалавек, трох зь іх двойчы, — праваабаронцы


Суд у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Суд у Менску. Ілюстрацыйнае фота

У 2022 годзе Аляксандар Лукашэнка ўвёў інстытут «спэцыяльнага вядзеньня» ў якасьці рэпрэсіўнага інструмэнта супраць апанэнтаў, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый. Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд.

Паводле палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі на 21 лістапада 2024 году завочна асудзілі 112 чалавек, трох зь іх — двойчы, паведамляе «Вясна».

Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму), Францішка Вячорку (20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму).

Праваабаронцы таксама прывялі выпадкі «падвойных» прысудаў:

  • Старшы дарадца дэмакратычнай лідэркі Беларусі Аляксандар Дабравольскі праходзіў па «справе аналітыкаў Ціханоўскай» і «па справе спробы зрыву рэфэрэндуму». Агулам яму прызначылі 11,5 года пазбаўленьня волі. Дабравольскага ўнесьлі ў сьпіс грамадзян, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасьці».
  • Былы супрацоўнік ГУБАЗіК МУС, прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol Аляксандар Азараў асуджаны ў «справе ByPol» і ў «справе дывэрсіі ў Мачулішчах». Яму агулам прысудзілі 25 гадоў зьняволеньня, а таксама ўнесьлі ў сьпіс тых, хто мае дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці».
  • Былы рэстаратар і экс-намесьнік камандзіра добраахвотніцкага палку «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў праходзіў па справе аб падпале дома дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, а таксама перасьледаваўся, як адзначаецца, «за ўдзел у вайне ва Ўкраіне». Асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня, унесены ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG