Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страшна за людзей», — родныя палітвязьня Фурманава спынілі галадоўку


Вольга Каракіна на дзясяты дзень галадоўкі.
Вольга Каракіна на дзясяты дзень галадоўкі.

«Я спыняю галадоўку, — паведаміла Вольга Каракіна Радыё Свабода. — Мне страшна за людзей, якія прыходзяць мяне падтрымаць. Цяпер хапаюць усіх, не хачу, каб яны пацярпелі».

Вольга Каракіна, дзяўчына палітзьняволенага Зьмітра Фурманава, з 26 ліпеня трымае галадоўку каля турмы на Валадарцы. Яна сказала, што сёньня міліцыянты папярэдзілі яе, што гэта «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».

«Падышлі, сказалі, што мы вельмі доўга тут знаходзімся і што калі мы ня пойдзем адсюль, то супраць нас пачнуць адміністрацыйны працэс», — расказала Вольга Радыё Свабода.

Вольга Каракіна з тымі, хто прыйшоў яе падтрымаць
Вольга Каракіна з тымі, хто прыйшоў яе падтрымаць

Галадоўку пачыналі разам з маці Зьмітра Фурманава. Той падчас галадоўкі выклікалі хуткую дапамогу, кажа Вольга, і дактары забаранілі ёй працягваць галадаваць. 30 ліпеня маці спыніла галадоўку і вярнулася ў Горадню.

Вольгу ўвесь гэты час падтрымлівалі неабыякавыя людзі, якія і цяпер знаходзяцца разам зь ёй.

«Проста добрыя людзі, я іх раней ня ведала, — кажа Вольга. — Цяпер тут 4 чалавекі, і я не хачу, каб зь імі нешта здарылася».

Вольга Каракіна спыняе галадоўку
Вольга Каракіна спыняе галадоўку

29 ліпеня стала вядома, што Зьмітра Фурманава перавялі зь СІЗА на Валадарцы ў СІЗА ў Жодзіна.

Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня ў Горадні. Яго забралі проста зь пікету, дзе быў затрыманы і Сяргей Ціханоўскі. Зьмітра схапілі людзі ў цывільным і вынесьлі разам з крэслам з-за стала, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Забралі на вачах бацькоў і дзяўчыны Вольгі. Некалькі маладзёнаў закінулі яго ў сіні мікрааўтобус і павезьлі ў Менск. З 30 траўня па 28 ліпеня Зьміцер Фурманаў утрымліваўся ў менскім СІЗА №1.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG