Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Зьмітра Фурманава, блізкія якога галадаюць ля менскага СІЗА, перавялі ў Жодзіна


Галадоўка блізкіх Зьміцера Фурманава каля СІЗА на Валадарскага
Галадоўка блізкіх Зьміцера Фурманава каля СІЗА на Валадарскага

У сераду бацькі палітвязьня Дзьмітрыя Фурманава прынесьлі сыну перадачу ў менскае СІЗА №1. Аднак ім сказалі, што Зьмітра ў ізалятары «Валадаркі» няма, яго перавялі ў Жодзіна — у турму нумар 8.

Пра гэта расказала Свабодзе Вольга Каракіна, дзяўчына Зьмітра. Яна разам з маці палітвязьня Вольгай Іванаўнай зь нядзелі, 26 ліпеня трымае галадоўку каля сьцен СІЗА. Яе выганяюць з лавы каля СІЗА, бо нібыта зьбіраюцца тую лаву фарбаваць.

Бацькі Зьмітра ў сераду паехалі ў Жодзіна, Вольга Каракіна засталася каля СІЗА ў Менску, бо шмат народу прыходзіць падтрымаць галадоўнікаў.

Сытуацыя ўскладняецца тым, што з учорашняга дня адвакат Зьмітра Фурманава знаходзіцца ў адпачынку.

Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня ў Горадні. Яго забралі проста зь пікету, дзе быў затрыманы і Сяргей Ціханоўскі. Зьмітра схапілі людзі ў цывільным і вынесьлі разам з крэслам з-за стала, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Забралі на вачах бацькоў і дзяўчыны Вольгі. Некалькі маладзёнаў закінулі яго ў сіні мікрааўтобус і павезьлі ў Менск. З 30 траўня па 28 ліпеня Зьміцер Фурманаў утрымліваўся ў менскім СІЗА №1.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG