Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятра Маркелава з «Моладзевага блёку» тайна асудзілі на 12 сутак арышту 


Затрыманьні каля КДБ прыхільнікаў Віктара Бабарыкі
Затрыманьні каля КДБ прыхільнікаў Віктара Бабарыкі

Актывіста «Моладзевага блёку» Пятра Маркелава тайна асудзілі на 12 сутак арышту за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», пра месца яго знаходжаньня не было вядома больш за суткі.

У выніку маці Пятра даведалася, што 30 ліпеня суд Маскоўкага раёну Менска асудзіў яго за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» на 12 сутак арышту. У чым канкрэтна абвінавацілі актывіста, невядома, пра суд нікому не паведамілі.

Супрацоўнікі АМАПу затрымалі Пятра Маркелава позна ўвечары 29 ліпеня пад будынкам СІЗА № 1 у Менску, дзе абвясьцілі галадоўку сваякі палітвязьня Дзьмітрыя Фурманава.

Ён зь іншымі прыйшоў падтрымаць Вольгу Каракіну, дзяўчыну Дзьмітрыя, якая трымае галадоўку з 26 ліпеня.

Сілавікі патлумачылі, што нібы актывіст падобны на нейкага чалавека, у дачыненьні якога маюцца падставы для затрыманьня. Цягам наступных сутак розныя ведамствы адмаўляліся даваць бацькам і сябрам Маркелава хоць якую інфармацыю.

Таксама напярэдадні ў раённых судах Менску разглядаліся адміністрацыйныя справы людзей, затрыманых у будынку КДБ і каля яго 28 ліпеня. У той дзень многія панесьлі ў ведаамства хадайніцтва за Віктара Бабарыку, аднак замест гэтага ўсіх адпраўлялі ў аўтазакі.

Агулам затрымалі каля 50 чалавек, сярод іх звыш 10 журналістаў. Большасьць адпусьцілі без складаньня пратаколаў, але некаторых пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

У выніку асуджаныя:

Аляксандар Васілевіч — 14 сутак арышту (суд Фрунзенскага раёна)

Дзьмітры Барэйчук — 14 сутак арышту (суд Кастрычніцкага раёну, судзьдзя Рудэнка)

Уладзімер Іваноў — 14 сутак арышту (Суд Ленінскага раёну,судзілі па 2 артыкулах)

Арцём Кармэс — 15 сутак арышту (суд Ленінскага раёну, судзьдзя Юлія Шут)

Уладзіслаў Лушчынскі — 15 сутак арышту (суд Фрунзэнскага раёну, судзьдзя Ала Скуратовіч)

Віктар Маркаў — 15 сутак арышту (суд Ленінскага раёну, аб’явіў галадоўку)

Сяргей Каламенкін — 15 сутак арышту (суд Ленінскага раёну)

Андрэй Лукашэвіч — 15 сутак арышту (суд Фрунзенскага раёна, судзьдзя Юлія Блізьнюк).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG