У цэнтры ўкраінскай сталіцы, у памяшканьні бізнэс-цэнтру «Леанарда» грамадзянін адной з краін СНД захапіў аддзяленьне акцыянэрнага таварыства «Унівэрсал Банк» і пагражаў яго ўзарваць.
Як паведамляе кіеўская паліцыя, да іх зьвярнулася прадстаўніца банку і паведаміла, што ў аддзяленьне банку ўвайшоў невядомы чалавек ва ўзросьце да 35 гадоў, патрабаваў зьвязацца з паліцыяй і паведаміць, што ў заплечніку мае бомбу.
Супрацоўнікі банкаўскага аддзяленьня пасьпелі выйсьці з памяшканьня.
Пазьней намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына, які пагражаў тэрактам, — грамадзянін Узбэкістану. Яго завуць Сухроб Карымаў, нарадзіўся 25 сакавіка 1988 году.
«Мяркуючы па ягоных сацыяльных сетках, ён псыхічна неўраўнаважаны чалавек. Тэрарыст дэкляруе, што ў ягоным заплечніку ёсьць вялікі зарад выбухоўкі, якая спрацуе адразу ў выпадку ягонай гібелі. Мы яшчэ ня ведаем, наколькі сур’ёзныя яго намеры і ці сапраўды ў яго сапраўдная выбухоўка. Менавіта таму абраная стратэгія перамоў», — напісаў Антон Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго, працуе апэратыўны штаб Службы бясьпекі Ўкраіны і паліцыі.
У час, калі «тэрарыст» размаўляў з журналістамі ў аддзяленьні банку, сілавікі правялі штурм і затрымалі яго.
Журналістам ён прадставіўся як «Сьвяты Дух» і загадаў арыштаваць усіх прэзыдэнтаў у сьвеце. Цяпер экспэрты высьвятляюць, ці было ў памяшканьні выбуховае рэчыва.
За апошнія два тыдні гэта трэці выпадак падобнай пагрозы. 21 ліпеня ў горадзе Луцку Валынскай вобласьці на захадзе Ўкраіны ўзброены чалавек захапіў аўтобус і ўзяў у закладнікі каля 20 чалавек. Паліцыя паведамляла, што з захопнікам вядуцца перамовы. Ён сам патэлефанаваў у паліцыю і прадставіўся як «Максим Плохой». Ад кіраўнікоў Украіны ён патрабаваў прызнаць сябе «тэрарыстамі», а ад прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага — запісаць відэазварот з заклікам глядзець дакумэнтальны фільм «Зямляне» 2005 году пра жорсткае абыходжаньне з жывёламі.