Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны дзяржаўны доўг Беларусі дасягнуў $18 млрд


Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь павялічыўся ў параўнаньні з пачаткам 2020 году на 7,8 млрд рублёў, або на 17,5%, і на 1 ліпеня склаў 52,6 мільярда рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Замежны дзяржаўны доўг па стане на 1 ліпеня склаў 18 млрд даляраў ЗША, павялічыўшыся з пачатку году на 0,9 млрд даляраў ЗША, або на 5,3%.

У студзені–чэрвені 2020 году былі прыцягнутыя вонкавыя дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 1 млрд 817,8 млн даляраў ЗША: 1 391,5 млн даляраў — аблігацыі, якія разьмяшчаюцца на замежных фінансавых рынках; 362,6 млн даляраў — ураду і банкаў Расейскай Фэдэрацыі; 41,4 млн даляраў — Экспартна-імпартнага банку Кітаю; 16,6 млн даляраў — МБРР; 5,7 млн даляраў — ЭБРР і Паўночны інвэстыцыйны банк.

На пагашэньне замежнага дзярждоўгу ў студзені–чэрвені накіралі 786,2 млн даляраў ЗША: 343,4 млн даляраў — урад і банкі Расейскай Федэрацыі; 209,4 млн даляраў — банкі Кітаю; 176,6 млн даляраў — ЭФСР; 54,8 млн даляраў — МБРР; За 1,3 млн даляраў — ЭБРР і СИБ; 0,7 млн даляраў — Таварна-крэдытная карпарацыя ЗША.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 ліпеня 2020 году склаў 9,3 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку году на 557,5 млн рублёў, або на 6,4%.

Паводле плянаў зь бюджэту, у 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд — на пагашэньне асноўнага доўгу. Больш за 85% выдаткаў звязаныя з выплатамі на карысьць Расеі, Кітаю і Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця.

У сувязі з пандэміяй беларускія ўлады вырашылі павялічыць ліміт унутранага дзярждоўгу на 1,25 млрд рублёў у 2020 годзе. Акрамя гэтага, урад ініцыяваў перамоўны працэс з вонкавымі крэдыторамі аб прыцягненьні 3 млрд долараў.

У чэрвені ўлады Беларусі разьмясьцілі два выпускі эўрабондаў на 1,25 млрд даляраў. Сродкі накіруюць на рэфінансаваньне плацяжоў па дзярждоўгу сёлета.

Пры тым дзяржава не плянуе значна скарачаць золатавалютныя рэзэрвы: на 1 ліпеня іх было 8,8 млрд даляраў, а да канца году павінна застацца ня менш за 7,3 млрд даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG