Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: У 2021 годзе ў Беларусі створыцца сытуацыя, блізкая да дэфолту


Экран з курсамі валют
Экран з курсамі валют

Эканаміст Яраслаў Раманчук прагназуе, наколькі ўпадзе беларуская эканоміка сёлета і які будзе курс даляра, параўноўвае ўрад Румаса і новы ўрад Галоўчанкі і заяўляе, што сёньня ўсе інструмэнты ціску — у руках Крамля і Пуціна.

Сьцісла

  • Беларускі ўрад паводзіць сябе як страўс, які хавае галаву ў пясок.
  • Падзеньне валютнай выручкі на 20 працэнтаў павялічвае пагрозы для дэвальвацыі беларускага рубля да 3 рублёў за даляр.
  • Пляны ўраду на 2021–25 гады — гэта ўвогуле нельга назваць эканамічным дакумэнтам. Гэта нейкія пажаданьні, хацелкі.
  • Румас — маё найбольшае расчараваньне апошніх 10 гадоў.
  • Усе інструмэнты ціску цяпер у руках Крамля і Пуціна. І будзе павялічвацца прымус да падпісаньня «дарожных мапаў».

— На фоне натуральнага зацікаўленьня палітычнымі працэсамі ўсе неяк забыліся, што ж адбываецца зь беларускай эканомікай. Тым часам нават афіцыйныя лічбы кажуць пра рэцэсію, падзеньне валавога ўнутранага прадукту.

— Так, рэцэсія паглыбляецца, прытым беларуская эканоміка трапіла ў рэцэсію яшчэ да каранавірусу. Расьце даўгавая пастка, пагаршаецца фінансавы стан прадпрыемстваў. За 5 месяцаў году падзеньне экспарту тавараў перавышае 20 працэнтаў.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Прагноз Міністэрства эканомікі (нібыта сёлета па выніках году ня будзе падзеньня вытворчасьці) радыкальна адрозьніваецца ад тых прагнозаў, якія даюць міжнародныя фінансавыя структуры і незалежныя эканамісты. Гэта проста нерэальна, немагчыма, што Беларусь на фоне каранавірусу пакажа вынікі, лепшыя за Эўропу, дзе чакаюць істотнага падзеньня.

Беларускі ўрад паводзіць сябе як страўс, які хавае галаву ў пясок. Толькі наша птушка хавае галаву ў статыстычныя справаздачы і кажа, што ўсё добра. Можна падсумаваць, што эканоміка ўвогуле для ўлады цяпер адышла на другі плян.

— А ваш прагноз — колькі будзе падзеньне ВУП па выніках году?

— Мінімум 5 працэнтаў ВУП мы страцім, і, думаю, гэтая лічба будзе бліжэй да 10 працэнтаў. Валавы ўнутраны прадукт у 2019 годзе быў 63,2 мільярда даляраў. Думаю, добра, калі па выніках гэтага году застанецца 53–55 мільярдаў даляраў. І гэта будзе азначаць, што ВУП у 2020 годзе стане меншым, чым ён быў у 2010-м. І гэта выразны адказ на пытаньне, ці працуе беларуская мадэль і ці ў правільным кірунку ідзе краіна.

Што тычыцца інфляцыі, то тут шмат залежыць ад канфлікту паміж Нацбанкам і памочнікам прэзыдэнта аграрыем Валерам Бельскім. Менавіта Бельскі стаіць на чале працоўнай групы па распрацоўцы Банкаўскага кодэксу, і ён прыхільнік таго, каб як мага больш грошай друкаваць і ўкідваць у эканоміку.

Што будзе з курсам? Мы бачым, як за паўгодзьдзе грашовая база павялічылася на 35 працэнтаў. І пры падзеньні валютнай выручкі на 20 працэнтаў гэта, безумоўна, павялічвае пагрозы для дэвальвацыі беларускага рубля да 3 рублёў за даляр. Гэта зноў залежыць ад таго, хто пераможа ў бітве — ці Бельскі з аграрнымі баронамі і будаўнікамі, ці старшыня Нацбанку Калаўр са сваёй камандай прагматыкаў-манэтарыстаў.

— Нядаўняя зьмена кіраўніка ўраду таксама нядоўга заставалася ў галоўных загалоўках СМІ на фоне выбарчай кампаніі. Чым праявіў сябе новы ўрад? Ці можна ўжо цяпер казаць, якая будзе эканамічная палітыка прэм’ера Галоўчанкі?

— Урад — гэта тэхнічны выканаўца, адміністратар. Нядаўна мне спадабалася, як Галоўчанка ахарактарызаваў стан Менскага трактарнага заводу, сказаўшы, што лепш было б гэты завод пабудаваць на новым месцы, а не рамантаваць тое, што ёсьць. У мяне ёсьць на руках дакумэнт наконт плянаў ураду на новую пяцігодку, 2021–25 гады. Гэта ўвогуле нельга назваць эканамічным дакумэнтам. Гэта нейкія пажаданьні, хацелкі, паводле якіх ВУП у 2025 годзе павінен скласьці сто мільярдаў даляраў. То бок, каб гэтага дасягнуць, Беларусь павінна гэтыя 5 гадоў расьці хутчэй, чым Кітай у свае найлепшыя гады.

Але я ня бачу ніводнай крыніцы для такога аптымізму. Захацелася Лукашэнку зрабіць такі піяр-ход падчас выбарчай кампаніі, і Галоўчанка як чалавек у пагонах проста выканаў заданьне. Дзіўна, што асноўная крыніца ў гэтым праекце — менавіта тыя праекты мадэрнізацыі, якія ўжо былі праваленыя. І тыя рэгіёны, дзе няма ніякіх падставаў казаць пра нейкія прарывы. Таму гэта фантазіі і ўтопіі.

Усё гэта будзе рабіцца за кошт людзей. Будзе інфляцыйны, дэвальвацыйны падатак. Усё больш грошай у руках чыноўнікаў. Жалезабэтоннай застаецца моц аграрных баронаў, чырвоных дырэктараў, намэнклятурных чынавенскіх кланаў.

— Паспрабуем паглядзець больш стратэгічна на пэрспэктывы беларускай эканомікі. Калі Лукашэнка і пасьля гэтай выбарчай кампаніі застанецца кіраўніком Беларусі — што ў доўгатэрміновым сэнсе чакае беларускую эканоміку?

— Лукашэнка за свае 25 гадоў ніколі не казаў, што ён лібэрал, дэмакрат. Таму ягоная жалезабэтоннасьць у эканоміцы цалкам прадказальная, і гэта крыніца найбольшай небясьпекі для краіны. У 2021 годзе ў нас утворыцца сытуацыя, блізкая да дэфолту. Найперш у дачыненьнях з Расеяй. Мы бачым, што Беларусь ня плаціць за газ, даўгі да 300 мільёнаў даляраў. Яшчэ будзе вялікі доўг за Беларускую АЭС. Яшчэ невядома, чым скончыцца і колькі будзе каштаваць фактычная нацыяналізацыя «Белгазпрамбанку».

Такім чынам, усе інструмэнты ціску цяпер у руках Крамля і Пуціна. І будзе прымус да падпісаньня «дарожных мапаў», зь якімі зноў прыяжджаў расейскі прэм’ер Мішусьцін. Я ня ведаю, ці пагодзіцца Лукашэнка на тое, каб паспрабаваць іншую мадэль, паслухаць сапраўдных эканамістаў, ці вымушаны будзе паступова здаваць сувэрэнітэт Беларусі. Гэта тая дылема, якая абвострыцца напрыканцы гэтага году.

— Пасьля выбараў 2015 году былі даволі гарачыя дыскусіі, ці пойдзе Лукашэнка разам з новым урадам на эканамічныя рэформы. Цягам апошніх месяцаў Лукашэнка ўжо некалькі разоў вельмі выразна заявіў, што ніякіх рэформаў ня будзе. Што тады чакае беларускую эканоміку? Ці трапіць Беларусь у нейкую пастку беднасьці, зь якой доўга ня здолее выбрацца?

— Прадстаўляць урад Румаса як урад рэфарматараў — гэта быў добры піяр, які меў мала дачыненьня да рэальнасьці. Румас — маё найбольшае расчараваньне апошніх 10 гадоў. Але менавіта ён згарнуў дыялёг зь бізнэс-супольнасьцю, нічога не зрабіў для дывэрсыфікацыі эканомікі. Румас — гэта страчаныя магчымасьці.

Сёньня, калі паглядзець на людзей у пагонах у кіраўніцтве краіны (Галоўчанка, Сергіенка), то для іх галоўнае — «навесьці парадак» у эканоміцы. Бо пакуль у беларускай эканоміцы ніхто ні за што не адказвае.

Адзіная надзея, набат, які павінен званіць Лукашэнку ў вушы, — гэта ягоная сям’я, дзеці, унукі, якія павінны сказаць яму: «Нам жа ў гэтай краіне яшчэ жыць». Застаецца спадзявацца толькі на нейкія эмацыйныя рэчы.

Расея мае вельмі канкрэтныя рычагі, яны будзе працаваць праз крэдыты, ВПК, прамысловасьць, ціск на Лукашэнку будзе павялічвацца, каб падпісаць усе «дарожныя мапы». А ён будзе імкнуцца, як у 1999 годзе, падпісваць нейкія дакумэнты — але пры гэтым віляць хвастом і не выконваць таго, што падпіша.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG