На пікеты Сьвятланы Ціханоўскай у рэгіёнах выходзіла рэкордная для гэтых месцаў колькасьць людзей. Глядзім на лічбах, як жывуць людзі ў гэтых краях.
Падчас мітынгаў Сьвятланы Ціханоўскай у розных гарадах Беларусі людзі найбольш гаварылі пра эканамічныя праблемы: нізкія заробкі, адсутнасьць пэрспэктыў разьвіцьця. Свабода паглядзела, што з эканомікай у гэтых гарадах і раёнах паводле афіцыйнай статыстыкі.
Наваполацак: 2000 на мітынгу
У адным з прамысловых цэнтраў краіны — Наваполацку — на пікет Сьвятланы Ціханоўскай 24 ліпеня сабраліся ад 2 да 3 тысяч чалавек, паводле падлікаў назіральнікаў і праваабаронцаў. Гэты горад дае 45% ад усёй прамысловай вытворчасьці Віцебшчыны. Асноўныя галіны — нафтаперапрацоўка і вытворчасьць нафтапрадуктаў.
У Наваполацку жывуць 98,8 тысячы чалавек. Зь іх маюць працу, «занятыя ў эканоміцы», 45 тысяч чалавек. Чыстыя страты ўсіх арганізацый гораду за першыя 5 месяцаў гэтага году — 42 мільёны рублёў, а летась за такі ж час быў прыбытак у 60 мільёнаў, падлічвае Белстат.
Асноўнай прычынай страт экспэрты называюць праблемы нафтаперапрацоўчай галіны — адсутнасьць паставак нафты з Расеі і недазагружанасьць нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.
У горадзе 11% стратных арганізацый, агулам у арганізацый гораду пратэрмінаваных даўгоў на 14,9 мільёна. За год даўгі вырасьлі больш як на мільён. За пяць месяцаў гораду ўдалося прыцягнуць замежных інвэстыцый на 3,4 мільёна даляраў.
Ворша: 3000 чалавек на мітынгу
25 ліпеня прайшоў перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Воршы, па падліках арганізатараў яго наведалі 3 тысячы чалавек. Усяго ў Воршы жыве 115,9 тысячы.
У Аршанскім раёне маюць працу, то бок «занятыя ў эканоміцы» паводле Белстату, 61,3 тысячы чалавек. Афіцыйна беспрацоўных у раёне толькі 0,4%. Сярэдні заробак у рэгіёне — 947,7 рубля. За першыя 5 месяцаў гэтага году ўсе арганізацыі раёну спрацавалі з чыстым прыбыткам у 218,7 мільёнаў рублёў, гэта ў 6 разоў больш, чым за такі ж пэрыяд летась.
У рэгіёне 8,5% стратных арганізацый, а агульная пратэрмінаваная запазычанасьць арганізацый 148,4 мільёна рублёў.
За першыя 5 месяцаў гэтага году раён прыцягнуў 10,9 мільёна даляраў замежных інвэстыцый.
Рэчыца: 3000 чалавек на мітынгу
Для Рэчыцы з насельніцтвам у 65 тысяч такая колькасьць на мітынгу — рэкорд. Гэты горад на Гомельшчыне Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі наведалі 26 ліпеня. У Рэчыцкім раёне маюць працу 41,9 тысячы чалавек. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя — усяго 0,2%.
За пяць месяцаў сёлета ўсе арганізацыі раёну спрацавалі з прыбыткам у 1,9 мільёна рублёў. Гэта ў 14,7 раза менш, чым усе арганізацыі зарабілі за такі ж пэрыяд летась.
У раёне 20% стратных арганізацый, агульная пратэрмінаваная запазычанасьць усіх арганізацый 69,6 мільёна рублёў. За пяць месяцаў гэтага году арганізацыі раёну змаглі прыцягнуць замежных інвэстыцый на 143,3 тысячы даляраў.
Бабруйск: 6000 чалавек на мітынгу
На перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Бабруйску прыйшлі 6 тысяч чалавек. Для горада з насельніцтвам у 212 тысяч чалавек гэта таксама рэкорд.
У Бабруйску 86,6 тысячы чалавек занятыя ў эканоміцы. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя — 0,5%. Сярэдні заробак — 930 рублёў.
За першыя 5 месяцаў гэтага году ўсе арганізацыі Бабруйску спрацавалі са стратамі ў 97,2 мільёна рублёў, а летась за такі ж пэрыяд зарабілі 5,7 мільёна.
У горадзе 28% арганізацый стратныя, пратэрмінаваная запазычанасьць арганізацый — 130 мільёнаў рублёў. За паўгода гораду ўдалося прыцягнуць 3,4 мільёна даляраў замежных інвэстыцый.
Віцебск: 8000 на мітынгу
24 ліпеня ў Віцебску прайшоў пікет Сьвятланы Ціханоўскай, паводле СМІ і назіральнікаў ён сабраў да 8 тысяч чалавек, што для Віцебску абсалютны рэкорд. У абласным цэнтры Віцебшчыны жывуць 364 тысячы чалавек, зь іх маюць працу 159 тысяч.
За першыя пяць месяцаў сёлета арганізацыі Віцебску спрацавалі з прыбыткам у 112 мільёнаў рублёў, летась за такі ж пэрыяд арганізацыі зарабілі ўдвая болей. У горадзе 22% стратных арганізацый, а летась было толькі 13%.
Па пратэрмінаваных крэдытах арганізацыі гораду вінаватыя 197,8 мільёна рублёў. Але і самім арганізацыям завінаваціліся за прадукцыю (дэбіторская запазычанасьць) 407 мільёнаў. Гэта значыць, на гэтую суму ў арганізацый закупілі прадукцыі, але не разьлічыліся. За пяць месяцаў горад прыцягнуў 18,2 мільёна даляраў замежных інвэстыцый.
Гомель: больш за 10 000 на мітынгу
Абсалютны рэкорд у колькасьці людзей на мітынгу за Сьвятлану Ціханоўскую пакуль за Гомлем. На радзіме мужа Сьвятланы Сяргея Ціханоўскага, які цяпер за кратамі, падтрымаць альтэрнатыўны трыюмвірат 27 ліпеня прыйшлі ня менш за 10 тысяч чалавек. Нават у двухмільённым Менску столькі не сабралася (на першы мітынг прыйшло каля 7 тысяч).
У Гомлі жыве пад паўмільёна чалавек, зь іх занятыя ў эканоміцы 226 тысяч, менш за палову. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя — 0,2%.
Чысты прыбытак усіх арганізацый гораду за 5 месяцаў гэтага году 21,8 мільёна рублёў, гэта ў 15 разоў менш, чым за такі ж пэрыяд летась.
16% арганізацый гораду стратныя. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць — амаль 320 мільёнаў рублёў.
За першыя 5 месяцаў сёлета арганізацыям Гомля ўдалося прыцягнуць 29 мільёнаў даляраў замежных інвэстыцый.
Адно з асноўных прадпрыемстваў — «Гомсельмаш», які вырабляе камбайны. У першым квартале гэтага году выраб камбайнаў зьмяншаецца. Мінулы год «Гомсельмаш» завяршыў са стратамі ў 30,8 мільёна рублёў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.