Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падтрымка ад дзяржавы падчас пандэміі: 254 млн рублёў крэдытамі, 21 млн ільготамі, 213 млн на надбаўкі мэдыкам


Прэм'ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка на нарадзе 23 ліпеня расказаў, якія сумы склала падтрымка эканомікі з боку дзяржавы падчас пандэміі COVID-19.

Галоўчанка, як перадае БелТА, згадаў, што Лукашэнка паставіў абноўленаму ўраду задачу не дапусьціць падзеньня эканомікі, хоць МВФ, Сусьветны банк і іншыя арганізацыі прагназуюць падзеньне валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі на 4–6% за год. За першую палову году ВУП зьнізіўся на 1,7%.

«Аднак сваечасова прынятыя кіраўніком дзяржавы рашэньні аб незакрыцьці прадпрыемстваў, падтрымцы найбольш пацярпелых ад пандэміі арганізацыяў і калектываў дазволілі не дапусьціць падзеньня і захаваць эканоміку краіны», — заявіў прэм’ер.

Паводле яго, падтрымка эканомікі складалася ў наступным:

  • 213 млн рублёў пайшлі на стымульныя выплаты работнікам сыстэмы аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўваньня;
  • 145 млн — сума крэдытаў для падтрымкі прадпрыемстваў пад гарантыі ўраду;
  • 109 млн — сума крэдытаў для падтрымкі прадпрыемстваў пад гарантыі мясцовых уладаў;
  • 31 млн — падатковыя палёгкі і прэфэрэнцыі — адтэрміноўкі, растэрміноўкі і падатковыя крэдыты;
  • 25 млн — «рашэньні аб даваньні падатковых вакацыяў».

Лукашэнка заяўляў на той жа нарадзе, што «барацьба з каранавірусам абышлася бюджэту амаль у паўмільярда рублёў». Названыя Галоўчанкам лічбы даюць у суме 523 млн рублёў, ды зь іх «незваротныя» менш за палову, астатнія ж давядзецца вяртаць бюджэту.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG