Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына прыняла закон аб сацсетках. Ён абавязвае выдаляць матэрыялы на запатрабаваньне ўладаў


Пасяджэньне турэцкага парлямэнту. Ілюстрацыйнае фота
Пасяджэньне турэцкага парлямэнту. Ілюстрацыйнае фота

Парлямэнт Турэччыны 29 ліпеня ўхваліў законапраект аб рэгуляваньні сацыяльных сетак. Закон лабіявалі кіроўная Партыя справядлівасьці і разьвіцьця, якую ўзначальвае прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган, і яе саюзьніца, ультраправая Партыя нацыяналістычнага руху.

Закон абавязвае замежныя сацыяльныя сеткі ў Турэччыне:

  • на працягу 48 гадзін выдаляць матэрыялы на запатрабаваньне ўладаў,
  • захоўваць зьвесткі пра карыстальнікаў у Турэччыне выключна на сэрвэрах унутры краіны,
  • мець у Турэччыне сваіх прадстаўнікоў, турэцкіх грамадзян, калі ў сацсетцы больш чым 1 мільён карыстальнікаў з Турэччыны. Кантактная інфармацыя, якая дазволіць зьвязацца з гэтым чалавекам, павінна быць разьмешчаная на сайце такім чынам, каб быць відавочнай.

Невыкананьне патрабаваньняў пагражае сацсеткам буйнымі грашовымі штрафамі (да 10 мільёнаў турэцкіх ліраў, або паўтара мільёна даляраў), блякаваньнем рэклямы або скарачэньнем прапускной здольнасьці каналаў інтэрнэт-правайдэраў. Раней штрафы за парушэньні правілаў працы сацсетак у Турэччыне складалі да 100 тысяч турэцкіх ліраў.

Прадстаўнікі кіроўных партый унесьлі ў парлямэнт законапраект пасьля таго, як у інтэрнэце былі апублікаваныя абразы на адрас сямейнікаў Рэджэпа Эрдагана і некалькіх ягоных паплечнікаў. Таксама неабходнасьць закону тлумачылася тым, што ў сацыяльных сетках, асабліва падчас процітэрарыстычных апэрацый і цяперашняй пандэміі каранавірусу, часта распаўсюджваецца дэзынфармацыя, якая «распальвае паніку».

Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў Турэччыны, у апошнія месяцы 229 чалавек у краіне былі затрыманыя за «правакацыйныя» пасты ў сацыяльных сетках.

Праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» раней асудзіла дзеяньні ўладаў Турэччыны і падкрэсьліла, што сацыяльныя мэдыя — «апошні прытулак крытычнай журналістыкі ў Турэччыне» пасьля нядаўняй спробы дзяржаўнага перавароту, наступствам якой стала закрыцьцё шмат якіх СМІ. Паводле ацэнкі «Рэпартэраў бязь межаў», сацсеткай Facebook у Турэччыне карыстаюцца 37 мільёнаў жыхароў, гэта значыць, амаль палова насельніцтва краіны, а карыстальнікаў Twitter — 16 мільёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG