Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, якая цяпер уваходзіць у аб’яднаны штаб кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, расказвае, якія яе функцыі ў камандзе, адказвае на пытаньне, як Ціханоўская рэагуе на заўвагі, і заяўляе, што задача штаба — «максымальна раскрыць Сьвятлану».
Сьцісла:
- Сьвятлана вельмі пазытыўна ставіцца да беларускай мовы, на мой погляд, яна даволі добра гаворыць па-беларуску
- Я думаю, чым далей, тым болей Сьвятлана будзе раскрывацца
- Тое, што гаворыць Сьвятлана, — гэта тое, як яна думае
— Найперш патлумачце, як вы трапілі ў каманду аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай? Чыя гэта была ініцыятыва, як усё адбылося?
— Сьвятлана Ціханоўская патэлефанавала мне прыкладна за тыдзень да рэгістрацыі кандыдатаў і прапанавала, каб я ўвайшла ў сьпіс давераных асобаў. Складана сказаць, з чым быў зьвязаны яе інтарэс да мяне. Магчыма, з тым, што Сяргей Ціханоўскі ў адным з інтэрвію на пытаньне, каму ён давярае з палітыкаў, сказаў — Казлоў і Кавалькова. Можа, гэта і паўплывала на думку Сьвятланы.
Ужо напярэдадні працэсу рэгістрацыі я рыхтавала паведамленьні пра пікеты, дапамагала прафэсійнымі рэчамі, якіх людзі, што раней ня ўдзельнічалі ў палітычных кампаніях, не асабліва ведаюць. Потым у штабе мы ўжо разьмеркавалі пэўныя абавязкі, хто за што адказвае. Так што можна сказаць, што я далучылася да працы даволі рана, раней, чым гэта пабачылі ўсе астатнія.
— Як непасрэдна праходзіць праца штабу Ціханоўскай? Ці знаходзіцеся вы ў «блізкім коле» людзей, якія абмяркоўваюць і прымаюць самыя важныя рашэньні? Ці не выходзіце за пэўныя рамкі сваіх вызначаных функцыяў?
— Была пэўная праблема ў тым, што падчас збору подпісаў праца ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай была ў нейкай ступені дэцэнтралізаваная. І калі не было арганізаванай структуры, то гэта спараджала пэўныя праблемы.
Мы ўсё абмяркоўваем разам, але канчатковае рашэньне прымае сама Сьвятлана. Нешта мы нават не пасьпяваем абмеркаваць, і тады рашэньні прымаюцца даволі хутка. Што тычыцца агульных мерапрыемстваў і паездак, то тут рашэньні прымаюцца шырэйшым колам людзей, прадстаўнікамі аб’яднаных штабоў.
— Людзі, якія сочаць за кампаніяй, назіраюць, як хутка расьце палітычная адукаванасьць і палітычная культура Сьвятланы Ціханоўскай і яе паплечніц па тройцы. Хто ім дапамагае ў гэтым росьце? Ці працуюць разам з штабам паліттэхнолягі, сьпічрайтэры? Адкуль гэтыя людзі?
— Я думаю, гэта цалкам натуральна, што ёсьць людзі, якія пішуць тэксты, кансультуюць. У мяне таксама ёсьць экспэрты, якія дапамагалі пісаць тэксты па нейкіх момантах, потым я іх карэктавала пад сваё разуменьне.
Натуральна, у штабу ёсьць людзі, якія маюць адпаведны досьвед і кампэтэнцыі, і яны дапамагаць пісаць тэксты. Але Сьвятлана заўсёды іх карэктуе, кажа, што ёй падыходзіць, а што яна ня хоча гаварыць.
— Але што гэта за людзі, яны вам знаёмыя? Яны раней ужо бралі ўдзел у палітычных кампаніях беларускіх палітыкаў ці толькі зараз зьявіліся?
— У нашым штабе сярод людзей, якія нам дапамагаюць, — кагосьці я ведала, кагосьці не. Тых людзей, якія дапамагаюць іншым штабам, я, напрыклад, раней ня ведала.
— Проста часам зьяўляюцца меркаваньні, у тым ліку пра «расейскі сьлед». Таму народу хацелася б ведаць, хто тыя паліттэхнолягі, якія пішуць прамовы і накіроўваюць кампанію. Бо часам паводле некаторых дзеяньняў падаецца, што гэта нейкія «ўнівэрсальныя» крокі, якія ня маюць асаблівай беларускай спэцыфікі.
— Я нічога ня чула, што ў штабах могуць быць людзі не зь Беларусі. Што тычыцца штабу Сьвятланы, я не заўважыла нічога таго, пра што вы пытаецеся.
— Апошнія дні рыторыка і тэмы, якія ўздымае Сьвятлана, істотна зьмяніліся і пашырыліся. Зьявілася беларуская мова, больш увагі пачало аддавацца тэме сувэрэнітэту. Чым можна патлумачыць гэтыя зьмены?
— Ведаеце, калі чалавек у палітыцы даўно, то зь ім «усё зразумела». У тым сэнсе, што ён ужо шмат выказваўся па розных тэмах, і ягоныя пазыцыі вядомыя. А Сьвятлана прыйшла ў палітыку не па сваёй волі, як яна сама шмат разоў казала. І, вядома, чым далей, тым болей вы пра чалавека можаце даведвацца.
Сьвятлана вельмі пазытыўна ставіцца да беларускай мовы, не карыстаецца ёй у штодзённым жыцьці, але, на мой погляд, яны даволі добра гаворыць па-беларуску. Я думаю, чым далей, тым болей Сьвятлана будзе раскрывацца. Бо тое, што цяпер адбываецца, — ня тое, да чаго яна рыхтавалася, таму даволі складана.
Мы абмяркоўваем і рэакцыі ў грамадзтве на падзеі падчас кампаніі, рэакцыі на нашы выступы і заявы. Таму наша задача, сярод іншага, у тым, каб максымальна раскрыць Сьвятлану.
— Але ці ня ёсьць у гэтым «раскрыцьці» пэўная палітычная праблема? Напрыклад, кампанія Ўладзіміра Зяленскага была максымальна скіраваная на тое, каб не даваць адназначных адказаў на некаторыя канфліктныя пытаньні. Бо прынцыповасьць у нейкіх тэмах можа адштурхнуць нейкую частку патэнцыйнага электарату.
— Тое, што гаворыць Сьвятлана, — гэта тое, як яна думае. Адны нам кажуць, што не даём канкрэтных адказаў, іншыя кажуць, што канкрэтныя адказы могуць некага адштурхнуць... Але мы дзейнічаем на аб’яднаньне. Каб вакол ідэі пераменаў аб’ядналіся людзі самых розных поглядаў.
Галоўная праблема ў краіне — гэта ўтрыманьне ўлады адным чалавекам. І гэтую праблему трэба вырашаць.
— Палітык ня мае раскошы ўвесь час гаварыць тое, што ён думае. Вы, напрыклад, маеце сьмеласьць сказаць Сьвятлане, што ў нейкім інтэрвію вось гэтага ня варта было казаць?
— Так, я магу так сказаць. І ня толькі я. Сьвятлана новы чалавек у палітыцы, і натуральна, што некаторыя пытаньні для яе досыць складаныя, без прафэсійнай, экспэртнай дапамогі ёй няпроста. Але яна заўсёды імкнецца разабрацца ў кожным пытаньні і не гаворыць пра тое, у чым не разьбіраецца.
— А Сьвятлана спакойна ставіцца да такіх падказак?
— Канечне, нармальна. Бывае, што нейкае пытаньне мы абмяркоўваем даволі доўга і потым у выніку прыходзім да той фармулёўкі, якая камфортная для яе.
— Вы адна зь нямногіх асобаў, хто прадстаўляе ў штабе тое, што цяпер называюць «традыцыйнай апазыцыяй», альбо «старой апазыцыяй», вы сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Цяпер у сацыяльных сетках, у прэсе можа нават занадта горача абмяркоўваецца гэты падзел паміж «старымі» і «новымі», «бітымі» і «нябітымі». Можа, сярод іншага вы бачыце сваю місію ў тым, каб даказаць і паказаць, што і старая апазыцыя можа працаваць дзеля агульнай мэты, быць дамоваздольнай?
— Гэта не мая задача — нешта некаму даказваць. Мая задача — дапамагчы тым, чым я магу. Я не магу сядзець, нічога не рабіць і глядзець, як разьвіваецца кампанія. Калі я бачу, што Сьвятлане патрэбная падтрымка, я гатовая паступіцца нейкімі сваімі амбіцыямі, ня быць на першым пляне. А найперш дапамагчы Сьвятлане набыць тыя кампэтэнцыі, якія неабходныя ў гэтай сытуацыі, каб быць тым чалавекам, на якога цяпер глядзяць усе беларусы.
Шчыра кажучы, апошнія два тыдні ў мяне няма часу так шчыльна сачыць за сацыяльнымі сеткамі, як раней. Але я не заўважыла нечага такога, што «вось, старая апазыцыя, зноў некуды лезуць». На мне вялікі кавалак працы, магчыма, іншыя людзі ня маюць такіх уменьняў і кампэтэнцыяў, каб ведаць, як гэта ўсё трэба зрабіць.
— Наконт таго, што будзе 9 і 10 жніўня, Ціханоўская пакуль кажа толькі адну фразу пра неабходнасьць «бараніць свае галасы», не расшыфроўваючы яе больш канкрэтна. Ня буду прасіць у вас агучваць нейкі плян. Але ці сапраўды ў штабе (штабах) ёсьць гэты плян, ці ён ужо распрацаваны?
— Зараз наш плян — ахапіць як мага больш беларусаў і паказаць, што людзей, якія прагнуць пераменаў, — большасьць. Наконт плянаў — мне падаецца правільным, каб свае думкі наконт гэтага агучвалі як мага больш людзей, ня толькі тыя, хто толькі сёньня прыйшоў у палітыку. Трэба, каб людзі разумелі, што калі ўлада фальсыфікуе, — то гэта ў тым ліку асабістая справа кожнага чалавека абараніць свой голас.