Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла ў эфіры «Эўрарадыё», што не адмовіцца ад барацьбы на выбарах у абмен на вызваленьне зь СІЗА яе мужа, відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.
«Пытаньне ўжо ня толькі ў Сяргею. Тым, што ён выйдзе, я ашчасьліўлю дваіх чалавек — сябе і яго. Але мільёны людзей, якія паверылі Ціханоўскім... Я павінна думаць, што здраджу кожнаму зь іх. Яны мне паверылі, што я пайду да перамогі, да канца. На гэты момант я не абмяняю мужа на 7 мільёнаў выбарнікаў», — сказала Ціханоўская.
29 траўня ў Горадні на пікеце ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі ейнага мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы, а таксама некалькі ягоных прыхільнікаў.
Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ шэрагу асобаў прад’явілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). З санкцыяй пракуратуры ўзялі пад варту.
Беларускія праваабаронцы абвясьцілі Ціханоўскага, а таксама яго паплечнікаў, якія праходзяць у адной крымінальнай справе, палітычнымі вязьнямі.
Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію «Эўрарадыё» таксама запэўніла, што ў выпадку выбраньня кіраўніцай дзяржавы не плянуе праводзіць радыкальнай люстрацыі.
«Ёсьць урад, дзе людзі працуюць ужо доўгі час. Яны застануцца на сваіх пасадах, калі не парушалі груба закон і не аддавалі злачынных загадаў. Гэта ня значыць, што калі прыйдзе новы прэзыдэнт, мы ламаем усё, што было да таго створана, і будуем новую краіну. Адзінае, калі раней галоўным крытэрам была паслухмянасьць, то яна мусіць зьмяніцца на ініцыятыву», — адзначыла Ціханоўская.
Кандыдатка паўтарыла абяцаньне правесьці перавыбары прэзыдэнта праз паўгода пасьля ўступленьня на пасаду.
На пытаньне аб плянах у выпадку перамогі дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, Сьвятлана Ціханоўская адказала, што яе каманда будзе законнымі мэтадамі, маючы на руках неабходныя доказы, змагацца за абвяшчэньне «рэальных вынікаў выбараў».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.