Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі гэтая ўлада адыдзе, мы здабудзем свабоду». Другі выступ Ціханоўскай на БТ


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская ў сваім другім выступе на дзяржаўнай тэлевізіі 28 ліпеня заклікала беларусаў не баяцца і масава прагаласаваць за яе 9 жніўня.

Ціханоўская на пачатку паведаміла, што выступае на дзяржаўным тэлебачаньні ўсяго другі раз у жыцьці і выказала здагадку, што ўлада баіцца, што яна спадабаецца беларусам.

Яна зноў нагадала, што вылучыла сваю кандыдатуру пасля таго, як быў арыштаваны яе муж, відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, які плянаваў балятавацца ў прэзыдэнты.

«Цяпер Сяргей у турме за сваё меркаваньне, а я — на яго месцы. Ежджу па краіне і маю зносіны з беларусамі, якія хочуць новага жыцьця», — сказала кандыдатка.

Ціханоўская сказала таксама, што ёй і яе паплечніцы, Вераніцы Цапкала, давялося тэрмінова адпраўляць дзяцей з краіны, таму што паўстала пагроза іх жыцьцю.

Кандыдатка адзначыла, што акрамя яе мужа, улады не зарэгістравалі і іншых моцных кандыдатаў — Віктара Бабарыку і Валеру Цапкалу. «Але зарэгістравалі мяне. Цяпер гэта мая місія — увасобіць надзеі беларусаў у рэальнасьць. Дапамажыце мне ў гэтым. Дапамажыце нам усім!» — сказала Ціханоўская.

«Вас палохаюць, малююць страшныя карціны будучыні Беларусі з новым прэзыдэнтам. Вамі маніпулююць, прыдумляюць неіснуючыя небясьпекі, падманваюць. Вас палохаюць, што калі вы ня выбераце цяперашнюю ўладу, то тут будзе майдан. Насамрэч усё ня так», — сказала кандыдатка.

Ціханоўская сказала, што яна па адукацыі — настаўніца, яе паплечніцы Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала — музыкант і мэнэджэр адпаведна.

«Іх прыхільнікі, мае прыхільнікі і прыхільнікі майго мужа Сяргея Ціханоўскі — звычайныя беларусы розных прафэсій, — працягвала кандыдатка. — Сярод іх лекары, пэнсіянэры, работнікі, студэнты, бізнэсмэны, выкладчыкі, прадаўцы, бібліятэкары, інжынэры. Супраць усіх гэтых мірных людзей — галоўнакамандуючы, у якога ёсьць сіла і зброю. Дык хто тут хоча зладзіць майдан? Ён ці мы? Мы клічам на выбары, а ўлада кліча на майдан».

«Уявіце, што вы хочаце, каб з вашага дома сышоў чужы чалавек, — працягвала Ціханоўская. — Ён грубіяніць вам, ходзіць у абутку, кладзе ногі на стол, ён дае па карку вашым дзецям, топча ваш агарод, гарлапаніць, палохае вас. Вы просіце яго сысьці, а ён кажа вам, што калі вы будзеце выганяць яго — ён скарыстае сілу. „Вы што, хочаце тут майдан?“ — пытаецца ўлада. Не, не жадаем. І ёй не дамо гэта зрабіць. Калі гэтая ўлада сыдзе, тут ня будзе Майдану. Будзе сьвята».

«Калі гэтая ўлада адыдзе, мы здабудзем свабоду», — сказала Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго другога выступу на БТ у якасьці кандыдаткі ў прэзыдэнты.

Сьвятлана Ціханоўская яшчэ раз паўтарыла, што галоўны пункт яе праграмы як кандыдаткі ў прэзыдэнты — новыя, сумленныя і справядлівыя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў і празрыстым падлікам галасоў. «Галасуючы за мяне, вы галасуеце за новыя, сумленныя і справядлівыя выбары», — падкрэсьліла яна.

Ціханоўская заклікала ўсіх выбарнікаў не галасаваць датэрмінова. І працягнула:

«Я заклікаю вас не заставацца дома 9-га чысла — інакш вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу. Калі мы застанёмся дома і ня прыйдзем на ўчастак — гэта будзе перамога дзейнай улады. Улада павінна зразумець, што нас абсалютная большасьць і што мы ніколі ня будзем маўчаць. Чым большая яўка, тым цяжэй скрасьці наш голас. Чым большая яўка, тым больш відавочнай будзе фальсыфікацыя».

«Прыходзьце 9 жніўня на выбары і галасуйце за мяне, Святлану Ціханоўскую. Я — просты чалавек, простая беларуска, жанчына, маці, якая хоча і можа зрабіць наша жыцьцё такім, як мы заслугоўваем. Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцьця!» — закончыла яна свой выступ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG