Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tut.by: Беларускім банкам рэкамэндавалі адмовіцца ад рэклямы ў недзяржаўных СМІ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускім банкам — як дзяржаўным, там і прыватным — рэкамэндавалі адмовіцца ад разьмяшчэньня рэклямы ў недзяржаўных СМІ, паведамляе Tut.by са спасылкай на крыніцы.

Адразу некалькі не зьвязаных паміж сабой крыніц паведамілі парталу, што на адным з апошніх пасяджэньняў Нацбанку, на якім прысутнічалі кіраўнікі банкаў, была агучана рэкамэндацыя, каб банкі не разьмяшчалі рэкляму ў недзяржаўных СМІ. На які тэрмін распаўсюджваецца рэкамэндацыя, не паведамляецца.

У Нацбанку сказалі, што 21 ліпеня праводзілі нараду з кіраўнікамі банкаў, але не пацьвердзілі, што выступалі з падобнай ініцыятывай, і ня сталі камэнтаваць, чыя гэта рэкамэндацыя — Нацбанку ці якога-небудзь іншага дзяржаўнага органа, які папрасіў яе данесьці. Дадалі толькі, што «рэгуляваньне рэклямнай дзейнасьці не ўваходзіць у кампэтэнцыю» рэгулятара і што прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў або арганізацый на сустрэчы не было.

Крыніца Tut.by, зьвязаная з рэгуляваньнем рэклямнага рынку, апавяла, што падобныя рэкамэндацыі юрыдычна неабавязкова выконваць, але пры гэтым «ўсе разумеюць, што пры невыкананьні магчымыя іншыя меры ўзьдзеяньня».

Тым ня менш банкі пачалі здымаць рэкляму ў недзяржаўных СМІ, у тым ліку на Tut.by і Онлайнер, піша партал. Выданьне Myfin.by, якое супрацоўнічае як з прыватнымі, так і зь дзяржаўнымі банкамі, паведаміла, што «некаторыя кампаніі ў апошні час пераносяць рэклямныя разьмяшчэньні на канец жніўня — пачатак верасьня, але ў цэлым жа істотных зьменаў за апошні час у працы з кліентамі мы не назіралі».

На банкі і іншыя арганізацыі, якія аказваюць фінансавыя паслугі, у 2019 годзе, па розных зьвестках, даводзілася ад 7 да 18% аб’ёму інтэрнэт-рэклямы на мэдыйным рынку. Пры гэтым экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні, што доля фінансавых арганізацый у абʼёме інтэрнэт-рэклямы на мэдыйным рынку апошнія гады расьце.

Пра тое, што ўлады маюць намер заняцца разьмеркаваньнем рэклямных даходаў у інтэрнэце, казаў у першай палове ліпеня на сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ міністар інфармацыі Ігар Луцкі.

Былы работнік аднаго з камэрцыйных банкаў, які адказваў за камунікацыі і рэкляму, расказаў Tut.by, што ідэя з рэкамэндацыямі банкам не разьмяшчаць рэкляму ў недзяржаўных СМІ ня новая. Паводле яго, у 2010 годзе — таксама выбарчым — у банк прыходзіў запыт ад аднаго зь сілавых ведамстваў, у якім прасілі патлумачыць, чаму разьмяшчаюць рэкляму ў некаторых СМІ, і паказаць дамовы на рэкляму. Перапіска скончылася адказам банку з пытаньнем, на якой падставе запытваецца такая інфармацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG