Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў «выдвараць з краіны» журналістаў, якія «заклікаюць да масавых беспарадкаў». ВІДЭА


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 23 ліпеня заклікаў міністра замежных справаў Уладзімера Макея «выдвараць з краіны» журналістаў, якія нібыта «заклікаюць да масавых беспарадкаў», піша БелТА.

Лукашэнка, адхіліўшыся ад напісанага на паперы тэксту, заявіў, што яго апошнім часам «зьдзіўляе праца адміністрацыі прэзыдэнта, прэс-сакратара» і Натальлі Качанавай, якая цяпер займае пасаду старшыні Савету Рэспублікі.

Ён заявіў, што варта зьвяртаць увагу ня толькі на інтэрнэт, але і на папяровыя сродкі масавай інфармацыі: маўляў, «узяў усе газэты, паглядзеў на так званую „Комсомольскую правду в Беларуси“— ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца». Паводле Лукашэнкі, кіраўнік «Комсомольскай правды», «седзячы ў Маскве ці то ў Крамлі, выступіў з заявай — і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі».

Журналістам ён параіў выданьню «паехаць у поле», дзе «ідзе сапраўды змаганьне, барацьба за ўраджай», сфатаграфаваць камбайнэра-тысячніка.

Пра якую менавіта заяву гаворка, Лукашэнка не ўдакладніў, але галоўны рэдактар расейскай «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін месяц таму, 25 чэрвеня казаў на «Радио Комсомольская правда», што вынік прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі непрадказальны, а ўлады краіны пакуль «робяць стаўку на КДБ».

«Слухайце, мы ж гаспадары ў гэтай краіне, ну выконвайце свае абавязкі. Ня можаце — скажыце, што вы ня можаце, будуць іншыя гэтым займацца», — зьвярнуўся Лукашэнка да чыноўнікаў на нарадзе.

Ён абурыўся тым, што ва ўрадзе і Міністэрстве замежных справаў «усе сядзяць і чакаюць каманды прэзыдэнта».

«BBC, Свабода, Свабодная Эўропа і гэтак далей, стрымы гэтыя. Я не кажу пра тэндэнцыйнасьць — яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў! — сказаў Лукашэнка Макею. — Чаму вы гэта трываеце? Вы ж іх акрэдытавалі тут! Ня трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі, выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашых законаў і клічуць людзей на Майдан».

Лукашэнка заявіў, што ідзе «абраза за абразай». Паводле Лукашэнкі, яго «выпэцкалі ўздоўж і ўпоперак», «ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшыняў участковых камісіяў, а ў іх жа сем’і, дзеці...»

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня ўлады ў Беларусі затрымлівалі і фізычна нападалі на сотні актывістаў і журналістаў, у тым ліку на пяцёх карэспандэнтаў Радыё Свабода. Гэта адбылося ў межах кампаніі агрэсіі з мэтай падарваць дзейнасьць незалежнай прэсы, гаварылася ў заяве карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL), апублікаванай шэсьць дзён таму.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG