Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы пачаўся мітынг кандыдаткі Ціханоўскай. ФОТА, абнаўляецца


Мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Воршы, 24 ліпеня
Мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Воршы, 24 ліпеня

Апоўдні 24 ліпеня ў парку Герояў у Воршы пачынаецца мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Яшчэ да таго, як прыехала сама кандыдатка, сабраліся сотні чалавек, лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.

На сцэне ля Кургану неўміручасьці сама вылучэнка, а таксама Вераніка Цапкала (жонка экс-прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы Валера Цапкалы) і Марыя Калесьнікава (прадстаўніца выбарчага штаба яшчэ адна вылучэнца на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі).

Мітынг пачаўся зь песьні сьпевака Віктара Цоя «Перемен». Ціханоўскую і яе партнэрак сустрэлі воплескамі. Паводле падлікаў «Нашай нівы», агулам на акцыі сабраліся 2000 чалавек. Кандыдатка пачала выступ па-беларуску.

У руках удзельнікаў сьцяжкі з пазнавальнымі сымбалямі палітычнага партнэрства трох жанчын і з надпісам «Вместе». Шмат у каго на вопратцы нацыянальная сымболіка і сьцяжкі. Людзі кажуць, што прыйшлі падтрымаць Ціханоўскую, бо чакаюць пераменаў і стаміліся ад 26 гадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

За пікетам назіраюць міліцыянты ў цывільным. Як кажуць арганізатары пікету, яны папрасілі праваахоўнікаў, каб зь іх боку не было правакацыяў, а за парадкам на пікеце будуць сачыць прадстаўнікі штабу.​

Будзе дапоўнена

На 25 ліпеня заплянаваныя яшчэ два мітынгі Ціханоўскай:

  • Магілёў — 25 ліпеня, 16.00, вул. Гагарына, 1, Лядовы палац;
  • Бабруйск — 25 ліпеня, 21:00, вул. Урыцкага, 76А, стадыён.

Таксама ўжо заплянаваныя мітынгі на наступны дзень.

  • Жлобін — 26 ліпеня, 11.00, парк Прядняпроўскі, былая бібліятэка;
  • Гомель — 26 ліпеня, 20.00, вул. Юбілейная, 48.

У некаторых гарадах Беларусі кандыдатам у прэзыдэнты адмаўляюць у «звычайным» часе для правядзеньня мітынгаў — прапануюць толькі раніцу або позьні вечар. Праваабаронцы называюць гэта «свавольствам».

Ціханоўская ў якасьці кандыдаткі ўжо правяла пікеты ў Менску, Горадні, Барысаве, Глыбокім, Наваполацку, Віцебску і шэрагу іншых гарадоў.

Кантыдат Андрэй Дзьмітрыеў 25 ліпеня праводзіць пікеты ў Заслаўі (11.00–13.00 на пляцоўцы перад гарадзкім Домам культуры, вул. Савецкая, 93/2) і Баранавічах (16.00–18.00, заля ЖЭС №2, вул. Калініна, 29).

Кандыдаты Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань пакуль не давалі анонсы пікетаў на бліжэйшы час. Чэрачань адмовіўся ад пікетаў, каб не перашкаджаць кампаніі Ціханоўскай, штаб Канапацкай робіць стаўку на сустрэчы ў працоўных калектывах.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG