Валер Цапкала разам зь дзецьмі выехаў з краіны. Дзеці Сьвятланы Ціханоўскай разам з бабуляй нядаўна зрабілі тое самае. Самі Сьвятлана і Вераніка застаюцца тут, бо трэба змагацца, і трэба рабіць гэта разам.
Здаецца, гэтая выбарчая кампанія перакуліла дагары нагамі ўвогуле ўсе гендэрныя стэрэатыпы і традыцыі. Міт пра мужчын-абаронцаў больш не патрэбны, — у нас цяпер новыя героі, а дакладней, гераіні. І яны цалкам рэальныя.
Саюз Калесьнікавай, Цапкалы і Ціханоўскай ня трэба абараняць — ім трэба проста не замінаць. І гэта цудоўная мэтафара! Ня трэба ствараць ворагаў, а потым апантана абараняць жанчын ад іх. Ня трэба ствараць перашкоды, каб потым паціху ад іх адмаўляцца і выстаўляць сябе гэткімі высакароднымі вызвольнікамі. Трэба проста не замінаць, і ўсё. Яны (мы) усё зробяць.
Зрэшты, як паказвае цяперашняя сытуацыя, калі моцным жанчынам замінаць, гэта іх таксама ня спыніць, а, хутчэй, наадварот. Ці паверыла б Сьвятлана Ціханоўская тры месяцы таму, што стане асобай нумар адзін у Беларусі? Што ў яе падтрымку будуць выходзіць на плошчы тысячы людзей у розных беларускіх гарадах? Што яна стане, прабачце ўжо за патас, промнем надзеі для Беларусі?
Ці магла ўявіць Вераніка Цапкала, што пасьля адмовы ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты яе муж для ўласнай бясьпекі выедзе з краіны разам зь іх дзецьмі, а яна застанецца тут «з баявымі сяброўкамі і паплечніцамі»?
Усё зьмяняецца зь неверагоднай хуткасьцю. Кансэрватарам цяжка звыкнуцца з ідэяй, што галоўныя ролі ў цяперашняй гісторыі ў жанчын, але ім давядзецца з гэтым зьмірыцца. Лукашэнку таксама цяжка звыкнуцца з тым, што яго не падтрымлівае большасьць, але і яму давядзецца з гэтым зьмірыцца.
Так сёньня выглядаюць перамены: мужчынам даводзіцца мірыцца з адыходам на другі плян, а жанчынам — раскрываць сваю сапраўдную сілу і звыкацца з новымі, гэтым разам галоўнымі, ролямі.
Шмат хто і надалей будзе ўсяляк прыніжаць аб’яднаны штаб — называць Калеснікаву, Цапкалу і Ціханоўскую дзяўчаткамі, апэляваць да іх зьнешнасьці і ў цэлым не ўспрымаць сур’ёзна. Але ўсім гэтым людзям таксама давядзецца зьмірыцца. Яны могуць, канечне, паспрабаваць замінаць гэтым жанчынам, але давайце будзем шчырымі: калі нічога не атрымліваецца ў спэцслужбаў, дык пакрыўджаным на «бабін бунт» канапным аналітыкам дакладна няма на што разьлічваць.
Бывае такая рашучасьць, якая мацнейшая за страх. І калі маці хавае сваіх дзяцей за мяжой, а сама застаецца, бо трэба, прабачце за патас яшчэ раз, ратаваць краіну... гэта менавіта такая рашучасьць. І я ўпэўненая, што ў такой жанчыны лепш не станавіцца на дарозе. Бо для яе больш няма нічога немагчымага.
Любім, можам, пераможам.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.