Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікава напісала скаргу на аўтара «СБ. Беларусь сегодня» Мукавозчыка


Андрэй Мукавозчык, архіўнае фота
Андрэй Мукавозчык, архіўнае фота

Марыя Калесьнікава, лідэр ініцыятыўнай групы для вылучэньня ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, напісала заяву ў шэраг дзяржаўных органаў на артыкулы Андрэя Мукавозчыка ў выданьні «СБ. Беларусь сегодня». Заяву апублікавалі ў Twitter-акаўнце Бабарыкі, яе сапраўднасьць пацьвердзіла Свабодзе сама Калесьнікава.

У заяве сьцьвярджаецца, што ў «СБ. Беларусь сегодня» сыстэматычна публікуюцца матэрыялы Мукавозчыка, «накіраваныя на распальваньне сацыяльнай і палітычнай варожасьці», якія зьмяшчаюць «заведама ілжывыя абвінавачаньні ў злачынствах або іншыя зьвесткі, якія няславяць розных асобаў».

У прыклад прыводзяць «актыўную агітацыю» супраць кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, «недапушчальныя разважаньні пра ейных прыхільнікаў», «абразьлівыя параўнаньні, паклёп і абразы», у тым ліку пра саму заяўніцу.

«Мукавозчык практычна штодзённа спрабуе запужаць прыхільнікаў Сьвятланы Ціханоўскай, абяцаючы ім хуткую гвалтоўную сьмерць і параўноўваючы прапанаваны сымбаль прыхільнікаў справядлівых выбараў з выразанай на грудзях чырвонай зоркай і жытам ва ўспоратым жываце».

Калесьнікава адзначае, што Ціханоўская мае права разьмясьціць сваю праграму ў газэтах агульным накладам каля 50 тысяч асобнікаў, а тэксты Мукавозчыка выходзяць «пяць разоў на тыдзень на аўдыторыю (паводле выданьня) больш за мільён чалавек».

У заяве яна просіць правесьці праверку чатырох матэрыялаў на прадмет адміністрацыйнага, крымінальнага, выбарчага і грамадзянскага заканадаўства («Метка сатаны», «Женская революция, или Бабий бунт», «Три грации» і «Интересная ложь на нынешних выборах спадает слоями, как шелуха»), прыняць захады ў абароне парушаных правоў і прыцягненьні вінаватых да адказнасьці, а таксама апублікаваць у чатырох нумарах друкаванай вэрсіі «СБ. Беларусь сегодня» выбарчую праграму Ціханоўскай у якасьці абвяржэньня.

Зварот накіравалі ў Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі, Цэнтральную выбарчую камісію і выдавецкі дом «Беларусь сегодня».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG