Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да Севярынца не падпускаюць». Затрыманы раварыст расказаў пра ўмовы ў турме на Акрэсьціна


Турма на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота
Турма на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

Удзельнік роварнага прабегу салідарнасьці Аляксандар Масяйчук, якога затрымалі 9 ліпеня і арыштавалі на 7 сутак у менскім ізалятары на 1-м завулку Акрэсьціна, расказаў Tut.by пра ўмовы ў няволі.

Затрыманых за роварны прабег зьмясьцілі ў «сьмярдзючыя камэры», расказвае ён. Ежа першы час была «невыносная», але паступова сытуацыя стала паляпшацца, «у катлетах зьявілася мяса» — на яго думку, гэта зьвязана з тым, што людзі «завалілі міліцыю і пракуратуру скаргамі».

«Вошы, бяздомнікі, — дзеліцца Аляксандар Масяйчук. — Я і яшчэ адзін раварыст спалі на падлозе, нам матрацаў ня выдалі, яны былі толькі ў бяздомных. А нам казалі, што для нас няма матрацаў, а потым наогул нічога не адказвалі. Бялізны таксама не выдавалі, там твая бялізна — гэта тое, што на табе надзетае, і бутэлька з вадой пад галаву замест падушкі.

У камэры ўночы гарэла сьвятло. На просьбу пагасіць ахоўнікі казалі, што выключальнік зламаўся. Добра, што ў мяне было з сабой дзьве ахоўныя маскі. Адну надзеў на вочы, другую на твар.

Адміністрацыя спрабуе сутыкнуць затрыманых з „палітычнымі“, усім пагаршаюць умовы: маўляў, глядзіце, хто вінаваты, што ў вас сьвятло ўсю ноч гарыць, што вас на шпацыр не выводзяць. Але гэта ня дзейнічае ні на бадзягаў, ні на п'яніц, нармальныя там усё хлопцы, усе разумеюць».

Два дні ён правёў у карцары, дзе да таго сядзеў Павал Севярынец. За што, яму не сказалі, і ён нават не адразу зразумеў, што гэта карцар. Маўляў, «пасьля некалькіх начэй зь бяздомнікамі там было нават лепей». Мінус карцара ў тым, што там няма зусім ніякай вады — каб папіць або змыць у туалеце, трэба прасіць у ахоўніка бутэльку з вадой з-пад крана.

Асабіста зь Севярынцам Масяйчук ня бачыўся, але сядзеў пэўны час з сукамэрнікамі Севярынца. Калі Севярынца выпусьцяць, ніхто ня ведае — нават прэс-служба МУС, адзначае Tut.by.

«Паўла ізалююць, каб ён не перасекся з „палітычнымі“, — кажа зьняволены. — Нават калі 15 ліпеня завезьлі дзясяткі хлопцаў, калі ўжо актывістаў сталі садзіць з актывістамі, да Севярынца ўсё роўна нікога не дапусьцілі.

Але ён трымаецца малайцом. Вытрымаць яму дапамагаюць ягоныя хрысьціянскія перакананьні. Ведаю, што яму пастаянна даюць пратаколы з розных РУУС, каб навешаць на яго новыя суткі. Да Паўла ўсе затрыманыя ставяцца добра, бывала, буйных да яго на пару гадзін заводзілі, але гэта было разава, агулам яго падтрымліваюць усе хлопцы».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG