Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На роварным заезьдзе салідарнасьці ў Менску адбыліся затрыманьні


У Менску 10 ліпеня прайшоў роварны заезд салідарнасьці. Некаторых удзельнікаў заезду затрымалі і аштрафавалі.

Каля 21 гадзін некалькі чалавек спынілі супрацоўнікі ГАІ нібыта за тое, што яны званілі ў роварныя званкі. На месца прыехалі супрацоўнікі АМАП, напісалі Свабодзе відавочцы.

На ўдзельнікаў заезду складаюць пратаколы за парушэньне правілаў дарожнага руху, штрафуюць на 1 базавую велічыню і адпускаюць.​

Апошнімі днямі беларусы сталі праводзіць роварныя флэшмобы, «прабегі салідарнасьці».

Напярэдадні ў Бабруйску людзей на двухколавых машынах затрымлівалі, бо нібыта шукалі скрадзеныя ровары. У Менску, сьцьвярджае «Вясна», затрымалі раварыста Андрэя Бароўскага (яго зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, а калі будзе суд, родным ня кажуць).

Суд Цэнтральнага раёну Менску 10 ліпеня асудзіў Андрэя Баброўскага і Аляксандра Масейчука да 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Удзень 10 ліпеня стала вядома пра затрыманьне адраджальніка Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і заснавальніка кампаніі «Дзіджытал Нэйціўс» Яўгена Міхасюка, які ўдзельнічаў у роварных заездах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG