Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыялягічнае дасьледаваньне: адэпты незалежнасьці — 25–28% насельніцтва Беларусі 


Вынікі дасьледаваньня, якім кіравалі доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч і доктар сацыялягічных навук Андрэй Вардамацкі, публікуе ​«Наша Ніва».

Дасьледаваньне распрацавана інстытутам «Палітычная сфэра» ў супрацоўніцтве зь Беларускай аналітычнай майстэрняй Андрэя Вардамацкага ў сакавіку-красавіку сёлета. Рэпрэзэнтацыйная выбарка — 1075 чалавек. Пакуль прыводзяцца асноўныя тэзісы, падрабязны аналіз плянуюць выкласьці ў асобнай публікацыі.

Сувэрэнітэт

На пытаньне, ці гатовыя вы «захаваць сувэрэнітэт Беларусі нават цаной зьніжэньня ўзроўню жыцьця», станоўча адказалі 24,9% рэспандэнтаў. Такім чынам, для чвэрці насельніцтва сувэрэнітэт — безумоўная палітычная каштоўнасьць, вышэйшая за бягучыя матэрыяльныя патрэбы. За захаваньне ўзроўню жыцьця грамадзян цаной частковай адмовы ад сувэрэнітэту выказаліся 51,6% рэспандэнтаў. Каля 23% не змаглі адказаць на гэтае пытаньне.

Прыярытэты

Сярод іншых прыярытэтаў захаваньне сувэрэнітэту і незалежнасьці трапіла толькі на чацьвёртае месца, саступіўшы «экспарту і пошуку рынкаў збыту для беларускіх тавараў» (36%), «зьніжэньню магчымасьці войнаў і збройных канфліктаў» (32,1%), «прыцягненьню замежных інвэстыцый і тэхналёгій» (29,9%).

Пагрозы

На пытаньне, ці існуе пагроза для захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці з боку іншых дзяржаў, «так» ці «хутчэй так» адказалі больш за палову рэспандэнтаў — 50,8%. Пры гэтым значна больш удзельнікаў адчуваюць пагрозу «эканамічным інтарэсам» («так» ці «хутчэй так» — 65%) і пагрозу «пашырэньня міжнароднай злачыннасьці, гандлю наркотыкамі і іншых неваенных пагрозаў» (58,8%). Пры гэтым вонкавую пагрозу захаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці і культуры бачаць 30,9% рэспандэнтаў.

Расея

«Што Беларусь павінна рабіць, калі яе інтарэсы супярэчаць інтарэсам Расеі?» Адказы наступныя. Адстойваць выключна ўласныя інтарэсы — 27,9%. Шукаць кампраміс па другасных пытаньнях, але адстойваць выключна свае інтарэсы ў ключавых пытаньнях — 51,6%. Шукаць кампраміс, ахвяруючы часткай інтарэсаў у другасных і ключавых пытаньнях — 10,4%, а цалкам улічваць інтарэсы Расеі — менш за 2%. Такім чынам, беларусы збольшага гатовыя да супярэчнасьцяў у стасунках з суседкай.

Высновы

Паводле дасьледаваньня, прыблізна для 25–28% беларускага насельніцтва сувэрэнітэт і нацыянальная незалежнасьць зьяўляюцца безумоўнай каштоўнасьцю. Людзей, якія ня бачаць у сувэрэнітэце асаблівай каштоўнасьці, 12–19%.

Паміж гэтымі групамі пралягае шырокая пераходная зона тых, для каго сувэрэнітэт мае прыкметнае, але не безумоўнае значэньне. Умоўна яна таксама падзяляецца на дзьве часткі. Да 20% гатовыя ахвяраваць часткай сувэрэнітэту, але толькі ў выключных выпадках, зьвязаных са значным зьніжэньнем узроўню жыцьця. Да 30% гатовыя ахвяраваць часткаю сувэрэнітэту толькі ў выніку доўгатэрміновых эканамічных выгад.

Бягучы палітычны крызіс, супрацьстаяньне дзейнай улады і альтэрнатыўных палітычных сілаў выключаюць з поля сваёй увагі пытаньні дзяржаўнасьці і нацыянальнай кансалідацыі, як і бачаньне разьвіцьця краіны ў прынцыпе. Але да гэтых праблемаў давядзецца вярнуцца незалежна ад таго, які будзе вынік прэзыдэнцкай кампаніі, падсумоўваюць аўтары дасьледаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG