Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо расказаў у чацьвер, як адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Кітаем перайшлі ад «асьцярожнага аптымізму» ў эпоху адміністрацыі Ніксана, да сёньняшняга дня, ахарактарызаванага ім як «жорсткая рэальнасьць», піша «Голас Амэрыкі».
У чацьвер, 23 ліпеня Пампэо выступіў з прамовай у Фондзе Ніксана ў Ёрба-Ліндзе, штат Каліфорнія.
«[Былы прэзыдэнт] Рычард Ніксан меў рацыю, калі пісаў у 1967 годзе, што «сьвет ня будзе ў бясьпецы, пакуль Кітай ня зьменіцца ». Цяпер мы павінны прыслухацца да яго слоў», — сказаў Пампэо.
Дзяржсакратар прызнаў, што «старая парадыгма сьляпога ўзаемадзеяньня з Кітаем правалілася».
«Мы не павінны гэта працягваць. Мы ня мусім вяртацца да гэтага. Замест гэтага нам патрэбна стратэгія, якая абараняе амэрыканскую эканоміку і наш лад жыцьця. Вольны сьвет павінен перамагчы гэтую новую тыранію», — сказаў Пампэо.
Пампэо з павагай паставіўся да гістарычнай паездкі Ніксана ў Пэкін амаль 50 гадоў таму і ягонай філязофіі, згодна зь якой «мы проста ня можам дазволіць сабе назаўсёды пакінуць Кітай па-за сям'ёй нацый... сьвет ня будзе ў бясьпецы, пакуль Кітай ня зьменіцца. Такім чынам, наша мэта — у той ступені, у якой мы ўплываем на падзеі, — павінна выклікаць зьмены».
Але Пампэо дадаў, што дзеяньні Ніксана прынесьлі больш карысьці Кітаю, чым ЗША.
Злучаныя Штаты распарадзіліся закрыць консульства КНР у Хʼюстане, заявіўшы ў сераду, 22 ліпеня, што гэта было зроблена для таго, каб «абараніць амэрыканскую інтэлектуальную ўласнасьць і асабістую інфармацыю амэрыканцаў».