Пад санкцыі трапілі тры амэрыканскія заканадаўцы і шэраг урадоўцаў. Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі.
Кітай увёў санкцыі супраць амэрыканскіх афіцыйных асобаў, у тым ліку двух сэнатараў, у адказ на санкцыі Вашынгтону супраць высокапастаўленых кітайскіх чыноўнікаў. Падставай для амэрыканскіх санкцыяў паслужыла жорсткае абыходжаньне кітайскіх уладаў з уйгурскай мусульманскай меншасьцю.
Прадстаўнік МЗС Кітаю Хуа Чуньін паведаміла пра «аналягічныя санкцыі» супраць сэнатараў Тэда Круза і Марка Рубіё, кангрэсмэна Крыса Сьміта, адмысловага прадстаўніка па пытаньнях рэлігійнай свабоды Сэма Браўнбэка і чальцоў сумеснай камісіі Кангрэсу і выканаўчай улады ў пытаньнях Кітаю. Згаданая камісія назірае за выкананьнем правоў чалавека і прынцыпу вяршэнства закону ў Кітаі і падае штогадовы даклад прэзыдэнту Дональду Трампу і Кангрэсу.
«Дзеяньні ЗША ўяўляюць сур’ёзнае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Кітаю, сурʼёзна парушаюць базавыя нормы міжнародных адносінаў і наносяць вялікую шкоду кітайска-амэрыканскім адносінам», — заявіла прадстаўніца МЗС КНР журналістам на штодзённым брыфінгу.
«Кітай будзе рабіць далейшыя захады ў адказ у залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі», — дадала яна.
Хуа Чуньін не ўдакладніла, што канкрэтна азначае рэжым санкцый, але захады Вашынгтону супраць кітайскіх чыноўнікаў, у тым ліку і сакратара рэгіянальнага аддзяленьня кампартыі ў Сіньцзяні, прадугледжваюць замарожваньне іх актываў у ЗША і забарону на ўезд у ЗША. Акрамя таго, амэрыканскім грамадзянам забаронена весьці бізнэс з гэтымі асобамі.
Экспэрты ААН і актывісты сьцьвярджаюць, што ў цэнтрах утрыманьня пад вартай у Сіньцзяні знаходзіцца прынамсі мільён этнічных уйгураў і іншых мусульманаў. Кітай называе гэтыя ўстановы адукацыйнымі цэнтрамі, якія дапамагаюць выкараніць тэрарызм і экстрэмізм, а таксама даць людзям новыя навыкі.