Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатам Бабарыкі не паказалі ліст, на падставе якога экс-банкіру адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам


Юрыст Максім Знак
Юрыст Максім Знак

Цэнтравыбаркам адмовіўся даць на азнаямленьне адвакатам Віктара Бабарыкі ліст з Камітэту дзяржкантролю, на падставе якога яму было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

Пра гэта паведаміў абаронца экс-банкіра Максім Знак падчас адказаў на пытаньні падпісчыкаў youtube-каналу, паведамляе БелаПАН .

На адпаведны запыт у ЦВК было заяўлена, што ліст нельга абнародаваць, бо зьмяшчае інфармацыю з матэрыялаў крымінальнай справы, а ўсе неабходныя зьвесткі адлюстраваныя ў пастанове камісіі.

Раней Вярхоўны суд пацьвердзіў атрыманьне 21 ліпеня з СІЗА КДБ скаргі Віктара Бабарыкі на адмову Цэнтарвыбаркаму зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзыдэнты.

«Спадзяемся, што ў трохдзённы тэрмін будзе прызначаны час разгляду скаргі і можна будзе аргумэнты, выкладзеныя ў скарзе, прыпаднесьці суду», — сказаў адвакат падчас стрыму.

Перад гэтым Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Бабарыкі, пададзеную яго адвакатам па даверанасьці, без подпісу самога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду.

Максім Знак паведаміў, што на гэтае рашэньне суду пададзеная скарга ў парадку нагляду, паколькі мае месца тлумачэньне, «адрознае ад агульнапрынятых падыходаў»: ня толькі ў Выбарчым кодэксе, а і ў іншых заканадаўчых актах не напісана пра адваката, а толькі «пра асобу, якая абараняе сваё права».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG