Сьцьвярджаецца, што 26 сакавіка каля 23 гадзін «пры адпрацоўцы гаражнага масіву» супрацоўнікі МУС «спынілі падазронага маладога чалавека». «Дакумэнтаў пры ім не аказалася, а названыя ім асабістыя даныя адсутнічалі ў базе», — гаворыцца ў паведамленьні.
«Грамадзяніну прапанавалі прайсьці ў тэрытарыяльнае ўпраўленьне для высьвятленьня асобы. Раптам, з ужываньнем падручных сродкаў, ён аказаў вартавым парадку актыўны супраціў, зламаўшы аднаму з іх руку. Спрабуючы зьбегчы, скокнуў у раку, дзе быў затрыманы», — заяўляюць у МУС.
«Падчас разбору высьветлілася», сьцьвярджае Міністэрства, што мужчына «знаходзіўся ў вышуку за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
«У жніўні 2020 года падчас групавога парушэньня грамадзкага парадку ён распыліў у твар праваахоўнікам газавы балёнчык. Тады абвінавачаны пакінуў краіну, а празь некаторы час нелегальна вярнуўся ў Беларусь, дзе хаваўся ад крымінальнага перасьледу па цяперашні час», — пішацца ў прэс-рэлізе.
Паводле зьвестак «Нашай Нівы», затрыманы — былы палітвязень Мікіта Самарын.
11 сьнежня 2020 году ён быў асуджаны на чатыры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Яго абвінавацілі ў распыленьні газу ў твар супрацоўніку АМАП.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», Самарына затрымалі 5 кастрычніка 2020 году, пасьля чаго «кінулі ў мікрааўтобус у кайданках, зацягнутых на запясьцях — у яго засталіся шнары ад рэзаных ран». «Проста ў аўтобусе яму нажом абрэзалі доўгія валасы. У галоўным упраўленьні арганізаванай злачыннасьці яму загадалі даць паказаньні пад пагрозай вывезьці ў лес і завядзеньнем крымінальнай справы на затрыманага зь ім сябра», — гаворыцца на сайце праваабарончага цэнтру.
У сакавіку 2021 года Горадзенскі абласны суд зрабіў больш жорсткім пакараньне Самарыну, прызначыўшы яму 2,5 года пазбаўленьня волі. Гэта адбылося па выніках разгляду апэляцыйнай скаргі боку абвінавачваньня.
На пасяджэньне ў суд Самарын не зьявіўся. Пазьней ён пакінуў Беларусь.
Форум