Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Новы пасол Беларусі пры Апостальскай сталіцы Амбразевіч: мы спадзяемся ўплываць на міжнародныя эліты праз Ватыкан

Новы пасол Беларусі пры Апостальскай сталіцы Амбразевіч: мы спадзяемся ўплываць на міжнародныя эліты праз Ватыкан


Юрый Амбразевіч
Юрый Амбразевіч

Юрый Амбразевіч, які да гэтага часу займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, прызначаны паслом Беларусі пры Апостальскай сталіцы. Адпаведнае рашэньне 27 сакавіка прыняў Аляксандр Лукашэнка, вынікае з інфармацыі ягонай прэс-службы.

У сваю чаргу на месца намесьніка кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ўзгодненая кандыдатура Ігара Сякрэты, які раней быў начальнікам упраўленьня зьнешняй палітыкі Адміністрацыі прэзыдэнта.

На гэтую пасаду перайшоў Дзьмітрый Мірончык — былы прэсавы сакратар МЗС, амбасадар у Швэцыі і Нарвэгіі па сумяшчальніцтве ў 2018–2024 гадах, пасьля — начальнік галоўнага ўпраўленьня Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі МЗС.

Амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Кувэйце па сумяшчальніцтве прызначаны Ігар Белы (раней быў паслом у ПАР), амбасадарам у Малдове — Анатоль Бубен (экс-дырэктар свабоднай эканамічнай зоны «Менск»), амбасадарам у Бразыліі, а таксама Парагваі і Ўругваі па сумяшчальніцтве — Андрэй Андрэеў (генэральны консул у Шанхаі ў 2020–2025 гадах).

Ствараючы дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Ватыкане, Беларусь «зыходзіць з таго, што гэта дазволіць умацаваць яе пазыцыі» ў многіх краінах, заявіў Юрый Амбразевіч пасьля свайго прызначэньня амбасадарам пры Сьвятым Пасадзе.

Паводле яго слоў, гаворка аб дзяржавах Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі, а таксама «ў дачыненьні да працы з грамадзкімі элітамі, дзяржаўнымі элітамі эўрапейскіх дзяржаў і дзяржаў Паўночнай Амэрыкі ў той частцы, дзе каталіцкая рэлігія мае магчымасьць уплываць на іх падыходы».

«Ватыкан і асабіста папа рымскі валодаюць у сьвеце велізарным аўтарытэтам і значным уплывам на грамадзтва і эліты цэлага шэрагу дзяржаў, дзе каталіцкая рэлігія мае традыцыйна сур’ёзны ўплыў на мэнталітэт, на сьветапогляд людзей, на чалавечыя каштоўнасьці», — сказаў Амбразевіч. Таму, адзначыў дыплямат, яго прызначэньне будзе спрыяць «набыцьцю сяброў і празь іх магчымасьці — адстойваньню нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў сфэры зьнешняга гандлю і прыцягненьня зьнешніх інвэстыцый».

25 сакавіка на падставе рашэньня папы рымскага Францішка новым апостальскім нунцыем у Беларусі стаў 49-гадовы Ігнацыё Чэфаліа.

Незадоўга да гэтага, 13 сакавіка, Лукашэнка, віншуючы Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, заявіў, што супраца Менску і Ватыкану пасьпяхова разьвіваецца. Ён выказаў меркаваньне, што з адкрыцьцём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Сьвятым Пасадзе гэтыя стасункі дасягнуць «якасна новага ўзроўню».

У сьнежні 2024 году Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Сьвятым Пасадзе да 1 верасьня 2025-га.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG