Як паведамляе BBC, 26 сакавіка затрыманага журналіста даставілі ў паліцэйскі ўчастак у Стамбуле. Ён быў пад вартай 17 гадзінаў, а пасьля яму заявілі, што яго дэпартуюць, бо ён «стварае пагрозу грамадзкаму парадку».
У Турэччыне працягваюцца масавыя пратэсты пасьля арышту мэра Стамбула Экрэма Імамаглу, аднаго з галоўных палітычных апанэнтаў прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
Экрэм Імамаглу быў затрыманы раніцай 19 сакавіка. Яго і яшчэ каля 100 чалавек абвінавацілі ў карупцыйных злачынствах і стварэньні злачыннай групы, якая займалася вымагальніцтвам у бізнэсу.
Імамаглу, якога Рэспубліканская народная партыя рыхтавалася вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты, назваў справу палітычна матываванай. У сацсетках ён заявіў, што расьсьледаваньне было «палітычным пераваротам», і заклікаў грамадзян да адпору.
Міністэрства юстыцыі Турэччыны сьцьвярджае, што справа ня мае палітычнай асновы.
- Амаль год таму Экрэм Імамаглу перамог на выбарах мэра Стамбула. Тады кіраўнікамі больш за турэцкіх 30 рэгіёнаў, уключаючы Стамбул і Анкару, сталі прадстаўнікі апазыцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі.
- Стамбул — найбуйнейшы горад Турэччыны, у ім пражывае больш за 15 мільёнаў чалавек. Пасьля сваёй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 2023 года і распаду апазыцыйнай кааліцыі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган спадзяваўся вярнуць Стамбул пад кантроль прэзыдэнцкай Партыі справядлівасьці і разьвіцця.