Дэманстранты прайшлі шэсьцем па Сафіі, патрабуючы адстаўкі прэм’ер-міністра Бойка Барысава пасьля таго, як парлямэнт адхіліў вотум недаверу ўраду.
Пратэсты доўжацца 13-ы дзень, паведамляе Deutsche Welle.
Масавыя пратэсты ў Баўгарыі працягнуліся ў аўторак, 21 ліпеня, пасьля таго як парлямэнт адхіліў вотум недаверу ўраду прэмʼер-міністра Бойкі Барысава. Дэманстранты сталі зьбірацца перад будынкам адміністрацыі прэзыдэнта пад дэвізам «Мы — сапраўдны вотум недаверу». У акцыі ўзялі ўдзел некалькі сотняў чалавек.
Яны прайшлі шэсьцем па Сафіі, патрабуючы адстаўкі ўраду і галоўнага пракурора Баўгарыі, а таксама правядзеньня новых выбараў. Пратэстоўцы часова блякавалі транспартны рух у цэнтры баўгарскай сталіцы.
Акцыі пратэсту ідуць у Баўгарыі ўжо 13-ы дзень. Дэманстрантаў, якія абвінавачваюць кіроўную нацыянальна-кансэрватыўную кааліцыю ў карупцыі, сувязях з алігархамі і «дзеяньнях мафіёзнага характару», падтрымліваюць прэзыдэнт Радэў і апазыцыйная сацыялістычная партыя, якая і вынесла пытаньне аб вотуме недаверу на галасаваньне.