Гэта першая асабістая сустрэча прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча і прэм’ер-міністра Косава Аўдулы Хоці за 20 месяцаў.
Як паведамляецца, палітыкі не пагадзіліся па шэрагу пытаньняў, але вырашылі асабіста сустрэцца ў пачатку верасьня. Перамовы на тэхнічным узроўні заплянаваныя на наступны тыдзень.
Аўдула Хоці пасьля сустрэчы адзначыў, што дыялёг прагрэсіруе, але назваў перамовы складанымі.
«Я прадставіў нашу пазыцыю на гэтай сустрэчы і ніколі не адступлюся ад гэтай пазыцыі», — дадаў ён.
Вучыч у сваю чаргу заявіў, што хоча ўрэгуляваць самую вялікую спрэчку з Прышцінай, але ня змог гэтага зрабіць.
«Відавочна, што адрозьненьні цяпер занадта вялікія, улічваючы ўсе важныя і стратэгічныя пытаньні. Яны спрабуюць прымусіць Сэрбію пагадзіцца з усімі іх пажаданьнямі», - заявіў сэрбскі прэзыдэнт.
Адмысловы прадстаўнік Эўразьвязу Міраслаў Лайчак, які пасярэднічае ў перамовах, заявіў, што бакі засяроджваюцца на праблемах зьніклых бязь вестак і перамешчаных асобаў, а таксама на эканамічным супрацоўніцтве.
Ён заклікаў Бялград і Прышціну супрацоўнічаць зь Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, каб вырашыць пытаньне зьніклых бязь вестак і наблізіць прымірэньне.
Перамовы паміж Бялградам і Прышцінай пры пасрэдніцтве Эўразьвязу пачаліся ў 2011 годзе і прывялі да заключэньня каля 30 пагадненьняў. Але яны праваліліся ў канцы 2018 году пасьля паведамленьняў аб магчымым абмене тэрыторыямі, пасьля чаго Косава ўвяло тарыф памерам 100% на ўвесь імпарт з Сэрбіі. І Сэрбія, і Косава, якія імкнуцца да ўступленьня ў ЭЗ, цяпер знаходзяцца пад узмоцненым ціскам Захаду, каб аднавіць гэтыя перамовы.
Рэспубліка Косава, якая паводле сэрбскай канстытуцыі лічыцца яе аўтаномнай правінцыяй, у аднабаковым парадку абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе і з гэтага часу застаецца часткова прызнанай дзяржавай. На гэты момант самаабвешчаную незалежнасьць Косава прызнаюць каля 100 з амаль 200 краінаў сьвету, а яшчэ каля дзясятка зь іх адклікалі сваё прызнаньне. Косава прызнае большасьць заходніх краін, але нават ня ўсе краіны ЭЗ. Сярод тых, хто не прызнае, у прыватнасьці, Сэрбія, Расея, Беларусь і Ўкраіна.