Вечарам 10 ліпеня ў сталіцы Сэрбіі адбыліся жорсткія сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй пад будынкам парлямэнту. Нагодай да пратэсту стала ўвядзеньне камэнданцкага часу ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як расказвае Радыё Свабодная Эўропа, некалькі сотняў хуліганаў нападалі на паліцыю пад будынкам парлямэнту ў Бялградзе. Акцыя пачыналася мірна, у ёй удзельнічалі тысячы грамадзянаў, але пасьля пачатку сутыкненьняў асноўная частка дэманстрантаў адышла ад хуліганаў і назірала за бойкамі здалёк.
Група хуліганаў каля 9-й вечара пачала кідаць пэтарды, дымавыя шашкі і бутэлькі ў галоўны ўваход у парлямэнт, замінала журналістам здымаць гэта. Яны выкрыквалі лёзунгі супраць прэзыдэнтаў Сэрбіі і Чарнагорыі, супраць незалежнасьці Косава, скандавалі імя асуджанага за ваенныя злачынствы Ратка Младзіча. У паліцыю кідалі бутэлькі, камяні і пэтарды.
У выніку боек былі параненыя некалькі паліцыянтаў. Паліцыя ўжыла супраць хуліганаў дубінкі і сьлезацечны газ, затрымала каля сотні чалавек.
Гэта чацьвёртая акцыя пратэсту ў Бялградзе. Ад 7 ліпеня пратэсты трываюць супраць магчымага ўвядзеньня камэнданцкага часу ў сувязі з успышкай каранавірусу. Толькі адзін дзень, 9 ліпеня, пратэсты прайшлі без здарэньняў і сутычак. Мясцовыя журналісты адзначаюць, што ў сутыкненьнях удзельнічалі групы розных палітычных поглядаў — таксама і левыя актывісты, і тыя, якія не ўваходзяць у нейкія палітычныя групы.
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў, што «бандыты», як ён назваў удзельнікаў акцыі, не ўчынілі асаблівай шкоды, заклікаў грамадзянаў не хвалявацца і паабяцаў, што вінаватыя будуць арыштаваныя і панясуць адказнасьць за злачынствы.Міністар унутраных справаў патлумачыў, што паліцыя павінна была рэагаваць на «брутальныя сцэны гвалту».
Пратэсты адбываліся ня толькі ў Бялградзе. 10 ліпеня група актывістаў у Нові-Садзе на гадзіну перакрыла шашу на Бялград, некалькі сотняў дэманстрантаў зьбіраліся ў Нішы, Зрэняніне, Крушавацы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.