Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сэнс акцыяў пратэсту без сцэнароў і лідэраў


Беларусы сталі ў чаргу, каб падаць скаргу ў ЦВК на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы кандыдатамі ў прэзыдэнты.15 ліпеня 2020 году
Беларусы сталі ў чаргу, каб падаць скаргу ў ЦВК на нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы кандыдатамі ў прэзыдэнты.15 ліпеня 2020 году

Сьцісла:

  • 2020 год адзначыўся ўзьнікненьнем новых формаў мірнага супраціву.
  • Да вулічнай грамадзка-палітычнай актыўнасьці спрычынілася новая — з чыстага аркуша — генэрацыя.
  • Раскіданыя акцыі бяз пункту агульнага збору і канкрэтнага лідэра дэзарганізуюць карныя органы, не даюць ім стварыць карцінку жорсткай расправы з грамадзянамі.
  • Трэба быць гатовымі да зьмены ўлады ў любы момант. Транзыт улады ў недэмакратычных дзяржавах заўжды раптоўны.

Чарга як форма пратэсту — спантаннае адкрыцьцё грамадзка-палітычнага сэзону 2020 году. Спачатку былі чэргі, каб паставіць подпіс за вылучэньне ў кандыдаты; пасьля мы ўбачылі чаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію, каб падаць скаргу. Фактычна адкрылася цэлае поле для рэгулярных, пры гэтым абсалютна легальных, акцыяў пратэсту. Грамадзяне маюць прэтэнзіі да мноства міністэрстваў і ведамстваў, у кожным зь якіх ёсьць прыёмныя.

Хоць я сустрэў і неразуменьне ідэі стаяньня ў чэргах: маўляў, што гэта дасьць карыснага? Тое ж самае пытаньне пабачыў і пра акцыі пратэсту на вуліцах. «Ну пабегаюць туды-сюды, што гэта зьменіць? Што за пратэст без канкрэтных задач?»

Перад тым як адказаць на такое пытаньне, я са свайго боку пацікаўлюся: а калі вы апошні раз бачылі выхад людзей на вуліцу з канкрэтнай палітычнай задачай?

Асабіста я — увосень 1996 году, калі людзі пачалі зьбірацца на плошчы Незалежнасьці дзеля падтрымкі парлямэнтароў, якія запусьцілі мэханізм імпічмэнту Аляксандра Лукашэнкі. Гэта была падтрымка вельмі канкрэтнай задачы. Але штосьці пайшло ня так, да людзей выйшлі з просьбай разыходзіцца.

Просьбу разыходзіцца я чуў і на выбарах 2001-га, і 2006 гадоў. Акурат у 2006-м група маладзёнаў, натхнёных прыкладам першага ўкраінскага Майдану, не паслухалася «дарослых» і паставіла намёты. Навошта? Зь якой мэтай? Я ўпэўнены, што грамадзкія актывісты разумелі, што да іх не далучацца дзясяткі, а тым больш сотні тысяч беларусаў. Гэта быў сымбалічны акт, які мусіў засьведчыць беларусам і сьвету, што ёсьць людзі, нязгодныя з палітыкай Лукашэнкі.

Гэтаксама людзі самі, бяз заклікаў, выходзілі кожны год на Дзень Волі. Проста таму, што не маглі інакш перад самімі сабою, а не таму, што ставілі канкрэтную задачу. Падобны падыход быў і ў 2010 годзе. Дакладна ніхто не зьбіраўся рабіць рэвалюцыю, бо разумелі, што сілы няроўныя. Гаворка вялася пра ўласную годнасьць.

Вернемся ў 2020-ы. На вуліцы ў асноўным выходзяць тыя, хто быў малым у 2010-м і зусім ня памятае ранейшыя акцыі пратэсту. 2020 год — разьвітыя сацсеткі і камунікатары кшталту «Тэлеграма». Новая генэрацыя верыць у выбары — і раптам сутыкаецца з хлусьнёй і нахабным падманам. Абураецца!

Цэнтру збору няма. Плошчы няма. Пратэстуюць па ўсім цэнтры. «Жыве Беларусь!», «Ганьба!» і «Позор!» Гул ад сыгналаў аўтамабіляў не спыняецца некалькі гадзін. АМАП і ўнутраныя войскі не разгортваюць свае шыхты, бо пратэстоўцы перамяшчаюцца зь месца на месца. Урэшце сілавікі пачынаюць затрымліваць адвольна, нават тых, хто ніяк не пазначае свайго пратэсту.

У пісьменьніка і публіцыста Віктара Марціновіча я сустрэў параду стаць на адным месцы і стаяць да канца, пакуль улады ня выканаюць патрабаваньні (якія павінны быць дакладна агучаныя). Але, на мой погляд, у сучасных беларускіх умовах любая Плошча будзе разагнаная менш як за гадзіну. Столькі часу і рэсурсаў уклаў Лукашэнка ў «разгоначныя войскі»! А вось грамадзянскі супраціў у фармаце «партызанкі» сябе добра апраўдвае, як мы пабачылі.

Навошта акцыі пратэсту без агульнага месца збору і прапісаных патрабаваньняў?

Сьпярша людзі, якія ўпершыню сутыкнуліся з карным катком дзяржаўнай сыстэмы Рэспублікі Беларусь, мусяць пабачыць, што яны не адзінокія, што іх дастаткова шмат і што хоць людзей і затрымліваюць, але лякалізаваць і разагнаць усіх немагчыма.

Тактычная задача — пашырэньне кола далучаных да мірных пратэстаў. Пазбаўленьне ад страху адкрывае магчымасьці для крэатыву мірнага супрацьстаяньня. Пэрформансы, флэшмобы («Усе ходзім сёньня з валошкамі ў руках»), стаяньне ў чэргах (я б назваў хэпэнінгам). Калі працяглы час усё болей людзей будуць дэманстраваць сваю пазыцыю, то ўсё болей будзе стварацца гарызантальных сацыяльных сувязяў.

Мусіць быць пераадолена адчуваньне сацыяльна-палітычнай адзіноты людзей. Яны павінны бачыць, што іх, з падобнымі поглядамі, шмат. І не баяцца перасьледу, бо ўбачаць, што з штрафамі дапамагаюць такія самыя грамадзяне. Што да «сутак», веданьне пра салідарнасьць і рэальную падтрымку надае сілы.

Менш відавочным вынікам можа стацца зьмена стаўленьня да сытуацыі чыноўнікаў адміністрацыяў і МУС. Як бы «гасударавы людзі» ні былі адданыя свайму «гасудару», калі яны бачаць, што настроі ў грамадзтве сапраўды зьмяніліся, то і да «гасудара» стаўленьне зьменіцца. Але такія зьмены за пару месяцаў не адбываюцца.

Што да стратэгічных вынікаў, яны заўжды зьяўляюцца нечакана. Ніхто ня можа заплянаваць час транзыту ўлады. Але рыхтавацца варта. Ужо цяпер.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG