Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 2 тысячы чалавек стаялі ў чарзе да ЦВК. Хроніка падзей


На наступны дзень пасьля таго, як Цэнтральная выбарчая камісія не зарэгістравала кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, людзі прыйшлі падаць скаргу на гэтае рашэньне. 15 ліпеня чарга з дзьвюх тысяч чалавек расьцягнулася больш як на кілямэтар. А 19-й гадзіне ЦВК зачыніўся, і АМАП пачаў затрымліваць людзей.​

За гадзіну да сканчэньня працы ЦВК міліцыянты заклікалі людзей з чаргі разысьціся, папярэджваючы, што яны не пасьпеюць падаць скаргу асабіста. Ад 16 ліпеня ЦВК будзе прымаць скаргі праз электронную і звычайную пошту.

Чарга авацыямі вітала прадстаўніцу выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калесьнікаву і адваката Бабарыкі Ільлю Салея. Калесьнікава падзякавала беларусам, якія выйшлі 14 ліпеня на акцыі пратэсту па ўсёй Беларусі.

Пасьля завяршэньня стрыму людзі ў цывільным схапілі карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку БелаПАН Віялету Саўчыц. Іх зьвезьлі ў мікрааўтобусе. Пазьней высьветлілася, што іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Журналістаў вызвалілі.

Акрамя гэтага, праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра затрыманьні яшчэ 4 чалавек. Паводле папярэдняй інфармацыі «Вясны», у Барысаве затрымалі 15 чалавек, у Горадні — 5.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG