Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына дала вялікае інтэрвію расейскаму выданьню РИА Новости. У ім яна заявіла пра пагрозы на свой адрас, а таксама абвінаваціла палітычных зьняволеных у абмежаваньні месцаў для агітацыі ў краіне.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Што расказала Ярмошына, сьцісла:
- Зь першых дзён цяперашняй выбарчай кампаніі «былі зробленыя спробы дэзарганізацыі дзейнасьці Цэнтральнай камісіі». І калі раней «спробы стварэньня палітычнай нестабільнасьці прадпрымаліся заўсёды ў канцы выбарчай кампаніі, у пэрыяд перадвыбарчай агітацыі, то ў гэты раз разгайдаць сытуацыю, стварыць нейкую перадрэвалюцыйную абстаноўку ў краіне спрабавалі ўжо з пачатку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты, зь першых дзён збору подпісаў».
- «Найбольш актыўныя арганізатары ўсіх гэтых беспарадкаў проста знаходзяцца ў месцах не гэтак аддаленых і ня могуць кіраваць тым самым рэвалюцыйным працэсам. Я маю на ўвазе спадара Ціханоўскага і спадара Статкевіча».
- Валер Цапкала сьцьвярджае, што ў яго адхілілі сапраўдныя подпісы за вылучэньне ў прэзыдэнты, бо «падобнае сьцьвярджаюць усе кандыдаты, у якіх штосьці не атрымалася».
- Заявы прадстаўнікоў Віктара Бабарыкі аб тым, што подпісы за яго прынялі тыя выбаркамы, у якія подпісы насамрэч не здавалі — «ці можна прыдумаць нешта сьмяшнейшае?» Ярмошына заявіла, што гэта кіраўніцтва выбарчага штабу «не каардынуе ў належнай ступені зьбіральнікаў подпісаў».
- Сяргей Чэрачань «ужо нічога не сьцьвярджае» пра тое, што яму прыпісалі істотна больш подпісаў, чым ён здаў. «Ён павініўся і сказаў, што проста яны вялі размову аб вывераных подпісах, а астатнія пададзеныя як бы не правяраліся» (публічна такіх заяваў ён не рабіў, а на тым, што сабраў менш подпісаў за лічбы ЦВК, заяўляў яшчэ два дні таму ў інтэрвію Свабодзе. — РС).
- Дакумэнты на рэгістрацыю Цапкалы будуць разглядаць, але абласныя выбарчыя камісіі ўжо здалі свае пратаколы ў ЦВК — менавіта там фіксуюць колькасьць подпісаў за кандыдата (у Цапкалы прызналі 75 тысяч са 160 тысяч здадзеных, гэтага не хапае для вылучэньня кандыдатам. — РС).
- Андрэю Дзьмітрыеву, які падаваў у суд скаргу на малую колькасьць месцаў для агітацыі, Ярмошына параіла «публічна накіраваць лісты падзякі» Сяргею Ціханоўскаму і Міколу Статкевічу. Ярмошына заявіла, што яна 15 гадоў «прывучала ўсе мясцовыя ўлады да думкі, што перадвыбарчая агітацыя, пікеты па зборы подпісаў мусяць праходзіць у максымальна лібэральных умовах». Але «калі спадар Ціханоўскі ператварыў пікеты па зборы подпісаў у палітычныя агрэсіўныя мерапрыемствы, якія маглі наогул невядома чым скончыцца», калі да яе «зьбіраліся прыйсьці дамоў пад выглядам пікету», гэта прывяло да рашэньняў мясцовых уладаў аб абмежаваньні месцаў для агітацыі.
- Пра прызнаньне палітвязьнямі Ціханоўскага і Бабарыкаў: «Хто такія праваабаронцы ў Рэспубліцы Беларусь? Гэта нейкія самазваныя грамадзяне, якія чамусьці сабе надалі права лічыць сябе праваабаронцамі і рабіць экспэртныя заключэньні».
- Ціханоўскі «паводзіў сябе супрацьпраўна, ён спрабаваў арганізаваць грамадзкія беспарадкі, прычым масавыя, і ня проста спрабаваў, ён ішоў да гэтага сямімільнымі крокамі» (Ціханоўскага вінавацяць у «перашкодзе выбарам» і «арганізацыі дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», але суду ў справе не было, яго не прызнавалі вінаватым. — РС).
- Бабарыку «ня трэба прыкрывацца ўдзелам у выбарах, каб утаіць нешта, што выходзіць за межы закону». Але «падставай для адмовы ў рэгістрацыі можа стаць недакладнасьць пазначаных зьвестак [пра даходы] ў памеры, большым за 20% ад гадавога даходу». Дэклярацыі кандыдатаў накіраваныя ў «профільныя арганізацыі» для праверкі.
- «Выбарчае права не ўплывае на крымінальны працэс, мы не датыкаемся абсалютна. Сьледчы будзе вырашаць, пусьцяць [Бабарыку], напрыклад, пад падпіску аб нявыезьдзе ці не».
- Ініцыятыўную групу па правядзеньні рэфэрэндуму па вяртаньні Канстытуцыі 1994 году, якую зьбірае штаб Бабарыкі, Ярмошына ня раіць рабіць памерам у 15 тысяч чалавек, бо «дзе яны будуць праводзіць арганізацыйны сход?» — на сходзе мае быць ня менш за палову групы, і сьпісы групы трэба прадставіць у ЦВК.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.