Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскую зарэгістравалі кандыдаткай у прэзыдэнты. Яна пайшла на выбары замест зьняволенага мужа


Сьвятлана Ціханоўская каля ЦВК, 14 ліпеня
Сьвятлана Ціханоўская каля ЦВК, 14 ліпеня

Сьвятлану Ціханоўскую, жонку зьняволенага аўтара каналаў «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага, зарэгістравалі кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі. Так пастанавіла Цэнтральная выбарчая камісія на паседжаньні 14 ліпеня.

Ціханоўскую зарэгістравалі нягледзячы на не ўказаны ў дэклярацыі дом у 192,2 м² у Добрускім раёне Гомельскай вобласьці, куплены праз аўкцыён. Ціханоўская патлумачыла, што не пазначыла яго ў дэклярацыі, бо ня ведала, ці завершаная ўгода па набыцьці дома, а зьвязацца з мужам, каб удакладніць гэта, яна не магла. Дом прадаваўся як звычайны, хоць быў гісторыка-культурнай каштоўнасьцю — пачалі працэс аспрэчваньня пакупкі.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што парушэньне істотнае, але сям’я ня можа карыстацца домам і не зьбіралася карыстацца як прыватнай маёмасьцю, а для прадпрымальніцкай дзейнасьці, пад аграсядзібу. Яна прапанавала зарэгістраваць Ціханоўскую, каб «не зьмяншаць колькасьць кандыдатаў». У выніку Ціханоўскую зарэгістравалі.

Сьвятлана Ціханоўская ў выступе пасьля атрыманьня пасьведчаньня кандыдаткі ў прэзыдэнты адзначыла, што актыўных зборшчыкаў у яе камандзе было крыху больш за 100 чалавек, многія цяпер за кратамі.

Але яны разам зь неабыякавымі беларусамі, якія стаялі ў шматгадзінных чэргах, каб выказаць салідарнасьць зь яе мужам Сяргеем Ціханоўскім, зрабілі сапраўдны подзьвіг. Цяпер яе задача гэтых людзей не падвесьці.

Яна пэрсанальна падзякавала Андрэя Дзьмітрыева, які крыху раней запатрабаваў вызваліць палітзьняволеных і зьвярнуўся да Лідзіі Ярмошынай з просьбай адклікаць заяву супраць Сяргея Ціханоўскага.

«Я спадзяюся на вялікія перамены, якія неўзабаве адбудуцца ў Беларусі», — завяршыла сваю прамову Сьвятлана Ціханоўская.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Месяц таму Ціханоўская заявіла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі ня спыніць выбарчую кампанію. Але яна вырашыла працягваць. МУС адмовілася правяраць пагрозы Ціханоўскай. Ініцыятыўная група Ціханоўскай паскардзілася Лукашэнку на сваволю Ярмошынай і рэпрэсіі падчас выбараў.

Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, а блогер стаў кіраўніком гэтай групы.​

У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.​ Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся адысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.​

Ціханоўскага маюць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў. На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць. Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным. Таксама зьняволілі шэраг чальцоў ягонай ініцыятыўнай групы — усіх фігурантаў «справы Ціханоўскага» таксама прызналі палітвязьнямі.​

Што адбываецца каля ЦВК. Жывая трансьляцыя

Хто прэтэндаваў, а хто ўжо не

Раней ЦВК прызнала, што больш за 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата, сабралі ініцыятыўныя групы:

  • Аляксандра Лукашэнкі, дзейнага кіраўніка дзяржавы;
  • Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку»;
  • Андрэя Дзьмітрыева, старшыні кампаніі «Гавары праўду»;
  • Ганны Канапацкай, былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў;
  • Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага;
  • Сяргея Чэрачня, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

Таксама здала больш за 100 тысяч подпісаў ініцыятыўная група былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы, ды ЦВК адхіліла больш за палову падпісных лістоў — засталося менш за 100 тысяч подпісаў. Штаб Цапкалы лічыць адхіленьне падпісных лістоў беспадстаўным.

Не здавалі подпісаў ініцыятыўныя групы Алега Гайдукевіча, Юрыя Ганцэвіча, Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Натальлі Кісель, Уладзімера Няпомняшчых, Алеся Таболіча.

Хто за кратамі

У зьняволеньні цяпер знаходзяцца прызнаныя палітвязьнямі Віктар Бабарыка, ягоны сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка, чальцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі Ўладзімер Дудараў, Алена Карагачава, Дзьмітры Карака і Сьвятлана Купрэева; чальцы ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў і Андрэй Новікаў.

Акрамя таго, палітвязьнямі прызнаныя зьняволеныя блогер Сяргей Ціханоўскі і палітык Мікалай Статкевіч (якім адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў), а таксама Павал Севярынец (зьбіраўся ў кандыдаты праз праймэрыз апазыцыі, зьняў кандыдатуру і заклікаў да байкоту) і іншыя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG