14 ліпеня Цэнтравыбаркам мусіць абвесьціць сьпіс кандыдатаў у прэзыдэнты. Свабода прыгадала, чым ужо пасьпела запомніцца гэтая кампанія.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
1 — столькі прэтэндэнтаў у прэзыдэнты апынуліся за кратамі яшчэ да рэгістрацыі
Віктара Бабарыку і кіраўніка ягонага штабу і сына Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня.
Віктара Бабарыку абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- ч. 2 арт. 235 КК («Адмываньне» грошай, атрыманых злачынным шляхам, паўторна, з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў або ў асабліва буйным памеры), пагражае ад 4 да 7 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам;
- ч. 2 арт. 243 КК (Ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры), прадугледжвае да 5 гадоў абмежаваньня або ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам;
- ч. 2 арт. 431 КК (Даваньне хабару паўторна або ў буйным памеры), да 5 гадоў абмежаваньня або ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК).
700 — столькі чалавек затрымлівалі ад пачатку выбарчай кампаніі
Праваабаронцы налічылі больш за 7 соцень затрыманых ад пачатку выбарчай кампаніі. Гэта ўдзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.
25 — столькі палітвязьняў у Беларусі
Праваабаронцы налічваюць 25 палітычных вязьняў у Беларусі. Гэта палітыкі, блогеры, сябры ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у прэзыдэнты. Палітвязьнямі прызналі Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда, а таксама кіраўніка выбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай, ейнага мужа Сяргея Ціханоўскага.
Да вызваленьня 10 ліпеня гарадзенцаў Васіля Баброўскага і Ўладзімера Навуміка колькасьць палітвязьняў даходзіла да 27 чалавек. Да пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі былі 3 палітычныя вязьні.
63% — столькі подпісаў, пададзеных за вылучэньне Валера Цапкалы забракавалі ў выбарчых камісіях
Паводле штабу Валера Цапкалы, асноўная прэтэнзія — дата ў падпісных лістах ставілася ня той рукой, што подпіс. Цяпер штаб дамагаецца прызнаньня часткі подпісаў, бо калі іх не прызнаюць, Валер Цапкала ня зможа стаць кандыдатам у прэзыдэнты.
Больш за 430 тысяч подпісаў
Столькі людзей паставілі свой подпіс за вылучэньне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты. Гэта абсалютны рэкорд сярод альтэрнатыўных кандыдатаў за ўсю гісторыю Беларусі. У выбарчых камісіях прызналі толькі 45% ад агульнай колькасьці пададзеных подпісаў, але гэта ўсё адно больш за неабходныя для вылучэньня 100 тысяч.
0,04% — столькі вылучэнцаў з ініцыятывы «Честные люди» змаглі трапіць у склад выбарчых камісій
Сябры ініцыятывы «Честные люди» зьбіраліся ўвайсьці ў склад выбарчых камісій, каб на свае вочы пабачыць, як праходзіць выбары ў Беларусі. Агулам у межах ініцыятывы подпісы за сваё вылучэньне сябрамі камісій падалі 2192 чалавекі. Зь іх толькі 5 чалавек уключылі ў склад выбарчых камісій. Асноўная прычына адмовы — няма досьведу працы на выбарах.
19 — столькі чалавек за кратамі ў справе «Аб масавых беспарадках»
У крымінальнай справе аб арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ужо 19 фігурантаў. Сярод іх блогеры, мадэратары сацыяльных сетак, палітыкі, актывісты.
90 — столькі дзён арышту прысудзілі палітыку Паўлу Севярынцу
Апазыцыйнага палітыка Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня па дарозе дадому, калі ён вяртаўся з выбарчага пікету. У яго заставаліся неадбытыя «суткі» яшчэ за сьнежаньскія акцыі пратэсту супраць інтэграцыі. Пакуль суд даў Паўлу Севярынцу 90 сутак адміністрацыйнага арышту агулам. Але складзеных пратаколаў, паводле праваабаронцаў, можа хапіць на 105 дзён.
10 дзён Севярынец правёў у карцары, а на адным з судоў Павал заявіў, што вымушаны быў на знак пратэсту супраць невыносных умоў утрыманьня парэзаць сабе руку.
112 тысяч — столькі даляраў беларусы сабралі на падтрымку затрыманым
У межах ініцыятывы by help на падтрымку ўсім асуджаным і затрыманым удалося сабраць 112 805 тысяч даляраў. Гэта ахвяраваньні ад беларусаў у Беларусі і за мяжой на падтрымку рэпрэсаваных і іхных сем’яў.
6 — столькі пляцовак для перадвыбарчай агітацыі вызначылі ўлады Менску
Менгарвыканкам вызначыў толькі 6 пляцовак, дзе дазволена агітаваць падчас выбарчай кампаніі.
Гэта аддаленыя ад цэнтру пляцоўкі і сквэры. У Горадні дазволілі агітаваць у двух далёкіх ад цэнтру парках, у Гомлі і Віцебску — на трох бязьлюдных пляцоўках, у Магілёве і Берасьці — на дзьвюх пляцоўках, аддаленых ад цэнтру.
У 2015 годзе на выбарах прэзыдэнта можна было агітаваць амаль паўсюль, апроч пляцовак, якія месьцяцца поруч з адміністрацыйнымі будынкамі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.