Аляксандар Лукашэнка падпісаў 9 ліпеня ўказ «Аб удасканаленьні дзейнасьці органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў». Частку ўказу апублікаваў рэсурс Pravo.by 14 ліпеня.
Паводле ўказу, на паліграфе («дэтэктары хлусьні») можна правяраць грамадзян, якіх прымаюць на службу або працу ў органы ўнутраных справаў і ўнутраныя войскі, а таксама пры службовых праверках і расьсьледаваньнях што да супрацоўнікаў і «цывільнага пэрсаналу» гэтых органаў справаў і войскаў зь іхнай пісьмовай згоды. Дакладную працэдуру даручылі вызначыць самому МУС.
Указ апісвае таксама шэраг арганізацыйных зьменаў. Але апублікавалі ня ўвесь ўказ, а толькі вынятак, сьпіс можа быць няпоўны.
Так, указам перадаюць Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Берасьцейскай вобласьці папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 45 — яна ў Крычаве Магілёўскай вобласьці і раней адносілася да магілёўскага дэпартамэнту. На базе абласных упраўленьняў унутраных справаў указам даручаюць стварыць аўтагаспадаркі Берасьцейскага, Гомельскага, Менскага і Малілёўскага аблвыканкамаў. Дзіцячы аздараўленчы лягер «Арляня» УУС Горадзенскага аблвыканкаму ліквідуюць.
Летась міністар унутраных справаў Юры Караеў скасаваў абавязковыя праверкі на паліграфе, якія датуль мусілі рэгулярна праходзіць супрацоўнікі міліцыі. Патлумачыў, што «не зусім дасканалая гэтая сыстэма, калі толькі паліграфічнае псыхафізіялягічнае дасьледаваньне закрывае чалавеку дарогу для працягу службы».