Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Татальныя праверкі на «дэтэктары хлусьні» для беларускай міліцыі скасавалі


Праверка на паліграфе, ілюстрацыйнае фота
Праверка на паліграфе, ілюстрацыйнае фота

Міністар унураных справаў Юры Караеў абвясьціў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» аб скасаваньні ўсеагульных праверак міліцыянтаў на паліграфе. Але «ня тое каб назаўжды».

Юры Караеў сьцьвярджае, што гэта было адным зь першых ягоных распараджэньняў пасьля прызначэньня, бо сыстэма праверак на паліграфе «не зусім дасканалая».

Як растлумачыў міністар, «чалавек можа і хвалявацца, і не вытрымліваць доўга замкнутай прасторы» падчас праверкі, а выходзіла так, што «толькі псыхафізыялягічнае дасьледаваньне перакрывала чалавеку дарогу для працягу службы». Да таго ж пры дасьледаваньні на «дэтэктары хлусьні» могуць быць памылкі, «ёсьць адсотак хібнасьці».

Паводле Караева, важнейшай зьяўляецца характарыстыка супрацоўніка ад начальніка і калектыву, а не заключэньне паліграфіста, які «загадзя, зь перадузятасьцю спрабуе нешта выкрыць».

«Я прыняў такое рашэньне, хоць сьвядома разумею, што нечым паграшу супраць уласнай бясьпекі ў нашых шэрагах, недзе мо і пройдуць такія, каго і варта было прыпыніць на службе», — дадаў Караеў, але адзначыў, што праверкі на паліграфе ён «ня тое каб назаўжды скасаваў».

Звольненых праз «дэтэктар хлусьні» Караеў паабяцаў не аднаўляць на працы, хоць цяпер нават ёсьць «вялікі некамплект супрацоўнікаў ДАІ».

Супрацоўнікаў ДАІ пачалі масава правяраць на паліграфе ў канцы 2016 году, калі п’яны начальнік Баранавіцкай ДАІ насьмерць зьбіў пешахода. Тагачасны міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч казаў, што працэдуру праваліў кожны трэці супрацоўнік ДАІ, які прайшоў дэтэктар. Але Шуневіч адзначыў, што ён гатовы ахвяраваць «тымі 2 адсоткамі».

Замест «палачнай» сыстэмы ацэнкі працы — «бальная»

Караеў таксама анансаваў пераход на сыстэму ацэнкі службы паводле балаў. Ён адзначыў, што ў МУС ужо шмат казалі пра адыход ад «палачна-галачкавых падыходаў», але па-ранейшаму на месцах арыентаваліся на паказьнікі кшталту адсоткаў раскрывальнасьці, а ад гэтага «не заўжды памяталі, што за кожнай справай стаіць чалавек і ягоны лёс, ягоныя правы».

Цяпер, кажа Караеў, ацэнка будзе давацца за сур’ёзнасьць выкрытых парушэньняў. Ён прывёў у прыклад выпадкі, калі лекару ці настаўніку даюць хабар каньяком — за выкрыцьцё такіх карупцыйных злачынстваў шмат балаў не дадуць. У барацьбе з наркотыкамі, сьцьвярджае міністар, будуць рабіць стаўку на выкрыцьцё буйных каналаў паставак і затрыманьне арганізатараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG