Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыца ААН заступілася за беларускую мову ў адукацыі


Анаіс Марэн
Анаіс Марэн

Анаіс Марэн, спэцдакладчыца ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі, 10 ліпеня заклікала міжнародную супольнасьць падтрымаць праваабаронцаў Беларусі з увагі на рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

Пра гэта паведамляе сайт Вярхоўнага камісара ААН у пытаньнях правоў чалавека, пішучы пра прэзэнтацыю штогадовага дакладу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У сваім дакладзе Анаіс Марэн аналізуе становішча ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі з 1 красавіка 2019 па 31 сакавіка 2020 году.

«На жаль, у 2019–2020 гадах не было якіх-небудзь сур’ёзных паляпшэньняў у галіне нарматыўна-прававой абароны правоў чалавека ў Беларусі, — заявіла Марэн 10 ліпеня ў Жэнэве. — Паколькі практычна нічога не было зроблена для выкананьня рэкамэндацый, прадстаўленых у папярэдніх дакладах, сыстэмныя і сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека захоўваюцца як у заканадаўстве, так і на практыцы».

Марэн выказала занепакоенасьць тым, што ўрад выкарыстоўвае абмежавальныя законы і адвольныя адміністрацыйныя і судовыя захады для пакараньня іншадумства. Яна адзначыла, што грамадзкія і палітычныя актывісты, праваабаронцы, журналісты, блогеры і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці неаднаразова цярпелі ад перасьледу, запалохваньня і арыштаў, калі спрабавалі рэалізаваць свае правы на свабоду мірных сходаў і выказваньня думак.

Спэцдакладчыца таксама выказала занепакоенасьць адносна даступнасьці і якасьці мэдычнай дапамогі ў месцах пазбаўленьня волі падчас пандэміі COVID-19, асабліва для дзяцей, якія адбываюць непамерна працяглыя тэрміны турэмнага зьняволеньня за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі.

Марэн адзначыла, што беларускамоўнае насельніцтва цярпіць дыскрымінацыю ў сфэры вышэйшай і сярэдняй адукацыі і ў сродках масавай інфармацыі.

«Гэта ня толькі пагражае захаваньню мовы, але і абмяжоўвае культурнае жыцьцё ў краіне», — адзначыла Марэн.

Нягледзячы на тое, што Беларусь не прызнае яе мандат, Марэн пацьвердзіла сваю гатоўнасьць да канструктыўнага дыялёгу з уладамі Беларусі, адзначаецца на сайце Вярхоўнага камісара ААН у пытаньнях правоў чалавека.

Афіцыйны Менск не прызнае мандат спэцдакладчыка ААН у правах чалавека ў Беларусі, які пачаў дзейнічаць з 1 лістапада 2012 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG