Рост колькасьці выпадкаў захворваньня на COVID-19 у Беларусі павінен прымусіць улады неадкладна вызваліць дзяцей і маладых людзей, пазбаўленых волі за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, гаворыцца ў заяве ад 7 траўня на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Аўтары заявы — спэцдаклачык ААН у галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, старшыня рабочай групы па адвольных затрыманьнях Хасэ Антоніё Гевара Бермудэс і яго намесьнікі Лейх Тумі і Эліна Штайнэрт, а таксама сябры рабочай групы Сёнг-Філ Хонг і Сэтанджы Роланд Аджові.
«Урад Беларусі павінен прыняць тэрміновыя меры для абароны здароўя і бясьпекі асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у прыватнасьці дзяцей і маладых людзей, асуджаных на непрапарцыйна доўгія тэрміны зьняволеньня — да 12 гадоў — за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі», — гаворыцца ў заяве.
Экспэрты заклікалі беларускія ўлады «любым коштам пазьбегнуць затрыманьня дзяцей, вызваліць тых, хто не ўяўляе пагрозы для грамадзтва, і распрацаваць мадэлі і захады ў адказ, альтэрнатыўныя зьмяшчэньню дзяцей пад варту, што асабліва актуальна ў сьвятле пандэміі COVID-19».
«Ураду варта прымяніць прапанаваны закон аб амністыі да ўсіх асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, асабліва да дзяцей і маладых людзей», — гаворыцца ў заяве.
Яе аўтары падкрэсьліваюць, што хоць у дзяцей пры захворваньні на каранавірус назіраюцца лягчэйшыя сымптомы і ніжэйшы ўзровень сьмяротнасьці, чым у дарослых, але, «улічваючы іх няўстойлівы стан здароўя ў месцах пазбаўленьня волі і адсутнасьць доступу да якаснага мэдыцынскага абслугоўваньня», яны рызыкуюць захварэць на COVID-19 самі і заражаць іншых.
У заяве адзначаецца, што ў Беларусі не былі ўжытыя комплексныя меры фізычнага дыстанцыяваньня і колькасьць выпадкаў COVID-19 «рэзка ўзрастае з кожным днём».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ