Цэнтарвыбаркам Беларусі ў пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі атрымлівае ананімныя лісты і званкі з пагрозамі, заявіла ў інтэрвію «РИА Новости» кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Ананімныя запалохвальныя лісты ў ЦВК прыходзяць на электронны адрас. Ёсьць званкі, яны асабліва актывізаваліся, калі, напрыклад, арыштавалі спадара Бабарыку і ў нас на гарачую лінію сталі паступаць пагрозы, хоць мы да арышту, натуральна, ніякага дачыненьня ня маем, але нас чамусьці выбралі ў якасьці ахвярных казлоў. Калі вывучыць гэтыя тэксты, відаць, што іх пішуць неадэкватныя людзі », — расказала Ярмошына.
На яе думку, усе палітычныя кампаніі абуджаюць «пэўныя псыхапатычныя настроі ў людзей, якія псыхалягічна нестабільныя». Пры гэтым кіраўніца ЦВК прызналася, што не карыстаецца паслугамі аховы, і ўдакладніла, што наогул ня ходзіць па вуліцах.
«Гэта значыць, я прыяжджаю на працу і зьяжджаю на машыне дадому, у Дразды. Па сутнасьці, калі б не абгароджаны пасёлак, у мяне не было б магчымасьці дыхаць сьвежым паветрам», — сказала Ярмошына. Кіраўніца ЦВК лічыць бескарысным баяцца альбо не баяцца за сваю бясьпеку. Але яна давярае праваахоўным органам Беларусі.
Пакуль ЦВК не зьвярталася ў міліцыю ў сувязі са пагрозамі, дадала Ярмошына. Яна ўдакладніла, што сама асабіста зьвярнулася да праваахоўнікаў толькі па адным факце — пагрозаў з боку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, жонка якога балятуецца ў прэзыдэнты, і ў дачыненьні да яго, у тым ліку, была распачата справа за перашкоду працы ЦВК. Як адзначыла Ярмошына, яе прыклад павінен паказаць усім чальцам выбаркамаў, каб яны не баяліся і ведалі, што «іхныя правы і жыцьцё будуць абароненыя».
Акрамя таго, на думку Ярмошынай, Беларусі ўжо пара ствараць «прававы прэцэдэнт». Яна патлумачыла, што ў сувязі зь яе заявай на Ціханоўскага ў краіне ўпершыню запрацаваў артыкул КК, накіраваны на барацьбу з тымі, хто пагражае чальцам выбаркамаў.
«Мы, вядома, паглядзім... У спадара Ціханоўскага і так хапае абвінавачаньняў паводле іншых артыкулаў, гэта ўсяго толькі невялікая частка. Але я б хацела, каб расьсьледаваньне крымінальнай справы, якое на гэты момант вядзецца, паслужыла ўрокам для астатніх, хто ня можа стрымаць свой язык», — дадала кіраўніца камісіі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.