Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошыну прызналі пацярпелай у рамках крымінальнай справы Ціханоўскага 


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну прызналі пацярпелай у рамках крымінальнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Мяне выклікалі ў Сьледчы камітэт для дачы паказаньняў, — паведаміла яна агенцтву БелаПАН. — Гэта было неўзабаве пасьля напісаньня заявы, тыдні два таму. Прызналі пацярпелай».

Паводле яе слоў, у ведамстве яна казала тое самае, што раней на паседжаньні Цэнтравыбаркаму.

«Я казала тое ж самае, што ўжо ўсе чулі: спадар Ціханоўскі пагражаў прыйсьці да мяне дадому без маёй згоды, што зьяўляецца ціскам і пагрозай маёй бясьпецы», — сказала Лідзія Ярмошына.

Аўтар youtube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Горадні на пікеце па зборы подпісаў за вылучэньне яго жонкі Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты.

Падчас пікету адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянтаў, адзін зь якіх упаў. МУС заявіла аб пачатку крымінальнай справы паводле факту гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

На паседжаньні ЦВК 4 чэрвеня Лідзія Ярмошына паведаміла, што папрасіла Сьледчы камітэт праверыць, ці няма ў выказваньнях Ціханоўскага пагрозы на яе адрас.

«Ідуць пагрозы нават мне, — сказала яна. — Гэта я гавару для тых, хто лічыць тыя пікеты мірнымі. Што азначае надпіс на пікеце спадарыні Ціханоўскай са словамі „прыстукнуць“? Ну, і далей гэтая ганебная мянушка пра мяне. Прыстукнуць — гэта слова-сынонім „забіць, зьнішчыць“. Гэта наўпрост пагроза. Гэта мірны пікет?»

Ярмошына таксама прывяла ў якасьці прыкладу выступ Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве 27 траўня.

«„Каля дому Лідзіі Ярмошынай у Менску будзе выдатны пікет. Заадно ўсе зойдзем у госьці, гэта мы можам“. Зойдзем у госьці да чалавека, які не чакае і не запрашаў? А калі зойдзем, то як — прымусова? Гэта ўжо ўварваньне ў жыльлё. Гэта пагроза ў сувязі з выкананьнем прафэсійных абавязкаў», — заявіла Ярмошына.

Артыкул 191 Крымінальнага кодэксу ў ліку іншага прадугледжвае адказнасьць за перашкоду працы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, учыненую з ужываньнем гвалту, пагрозы, падману, подкупу ці іншым спосабам.

Пакараньне паводле гэтага артыкула прадугледжвае грамадзкія працы, або штраф, або папраўчыя працы на тэрмін да 2 гадоў, або абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG