У Расеі больш чым на траціну вырасьлі продажы «Глогу» («Боярышника») і аналягічных сьпіртазмяшчальных настоек, піша «Коммерсант» са спасылкай на дасьледаваньне DSM Group, падрыхтаванае адмыслова для газэты.
Ад студзеня па чэрвень гэтага году продажы сьпіртазмяшчальных настоек вырасьлі на 8% — да 57 млн упаковак. У грашовым вымярэньні — на 38% да 1,6 мільярда рублёў. Год таму попыт на такія тавары, наадварот, скараціўся.
Найбольшы рост прыпаў на «супакаяльныя» сьпіртавыя настойкі — сардэчніку (35%) і валяр’яны (40%).
Рост попыту на гэтыя настойкі экспэрты тлумачаць двума фактарамі. Першы — дэфіцытам у аптэках антысэптыкаў падчас эпідэміі каранавірусу. А настойкі маглі выкарыстоўваць у якасьці сродкаў дэзынфэкцыі. Другі фактар, які стымуляваў рост продажаў, — абмежаваньні на продаж сьпіртнога ў некаторых рэгіёнах.
«Глог» і аналягічныя сьпіртазмяшчальныя настойкі робяць з этылявага сьпірту і разьліваюць у ёмістасьці па 250 грамаў. Праз іх таннасьць у Расеі іх часта п’юць замест гарэлкі.
А як у Беларусі
Пасьля інцыдэнту ў расейскім горадзе Іркуцку, дзе ў канцы 2016 году ад няякаснага напою памерлі больш за 70 чалавек, у Беларусі былі ўведзеныя часовыя абмежаваньні на продаж «Глогу».
Цяпер жа ён зноў даступны ва ўсіх аптэках. Статыстыка рэалізацыі настоек гэтай групы ў Беларусі не вядзецца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ