Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе, калі журналіст напоіць міністра і выцягне зь яго дзяржаўны сакрэт


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

У Маскве на два месяцы арыштаваны былы карэспандэнт маскоўскіх выданьняў, дарадца кіраўніка «Роскосмосу» Іван Сафронаў. Яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе. На думку некаторых аглядальнікаў, справа тычыцца выключна журналісцкай працы.

Мы будзем інфармаваць пра справу Сафонава, якая імгненна атрымала міжнародны розгалас, а цяпер — пра некаторыя спэцыфічныя аспэкты журналісцкай дзейнасьці, зь якімі могуць сутыкнуцца і тыя, хто ня зьвязаны са СМІ.

Дзе палягае мяжа паміж працай журналіста і шпіянажам, паміж публікацыяй інфармацыі і дзяржаўнай здрадай, як яе трактуе Крымінальны кодэкс?

Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар да вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна.

У канцы 2014-га паводле абвінавачаньня ў шпіянажы Аляксандар Алесін быў затрыманы. Яму выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 356 «Здрада дзяржаве» і 356.1 «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку альбо шпіянаж». Два тыдні Алесін правёў у «амэрыканцы» (СІЗА КДБ), яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, працягу справа ня мела.

Як заўважае Алесін, існуе сьпіс таямніцаў з рознымі ступенямі сакрэтнасьці, які пастаянна абнаўляецца.

«Гэта сакрэтная частка вайсковай дактрыны, сакрэтная частка нацыянальнай стратэгіі ў той ці іншай галіне, пляны ўзбраеньняў, дыпляматычныя дакумэнты і гэтак далей. Часам грыф сакрэтнасьці здымаецца, калі мінае тэрмін сакрэтнасьці. Тэрміны таксама ёсьць розныя — 20 гадоў, 30 гадоў, 90 гадоў. Сьпіс пастаянна абнаўляецца. Дапусьцім, будзе плян пераўзбраеньняў, пачынаючы з 2020 году — і ён будзе ўключаны ў сьпіс сакрэтных дакумэнтаў».

Журналіст не нясе адказнасьці за сакрэты

Аляксандар Алесін адзін з найбольш аўтарытэтных вайсковых аналітыкаў краіны, зь ім часта сустракаюцца замежныя дыпляматы. Якім крытэрыямі адносіна інфармацыі, якая можа складаць дзяржаўную таямніцу, ён кіруецца?

«Я рэгулярна сустракаюся з вайсковымі аташэ, і магу гаварыць на любую тэму. І гэта функцыя дзяржаўных органаў — каб захаваць ад мяне дзяржаўныя сакрэты, — кажа Алесін. — Я ня ўключаны ў сьпіс асобаў, якім давераныя дзяржаўныя сакрэты. Я ня маю да іх доступу. І ўсё, што я кажу — на падставе адкрытых крыніцаў, альбо гэта мая прыватная думка. Калі ў СМІ трапляе нейкая сакрэтная інфармацыя, і я на яе спасылаюся — адказнасьць нясе той чалавек, які дапусьціў выцеку сакрэтнай інфармацыі ў адкрытую крыніцу. Таму калі журналіст не зьяўляецца асобай, якой давераная дзяржаўная таямніца, ён не падпісаў дакумэнт аб неразгалошваньні — у ягоныя службовыя абавязкі не ўваходзіць захаваньне таямніцы. Таму, паўтараю, вінаваты той, хто дапусьціў выцек інфармацыі з афіцыйных органаў. Калі журналіст скарыстаўся інфармацыяй з адкрытых крыніцаў — ён не нясе адказнасьці. Вось тут і пралягае мяжа паміж «можна» і «нельга».

Тое ж самае тычыцца і інфармацыі, зьмешчанай у замежных крыніцах.

«Мяне не дапусьцяць ні да якога вайсковага сакрэту, — працягвае Алесін. — Таму калі я знайшоў нейкую інфармацыю ў замежных крыніцах, ці ў афіцыйных матэрыялах, апублікаваных замежным урадам, альбо парлямэнтам. Скажам, мне з Кангрэсу ЗША па рассылцы ішла інфармацыя, дзе гаварылася пра факты гандлю Беларусьсю зброяй. Гэтак жа сама інфармацыя праступае з аналітычных крыніцаў іншых краінаў, я ўключаны ў іх сьпіс рассылкі. Я не адказваю, паводле заканадаўства, за гэтую інфармацыю. Я яе проста тыражую. Калі сакрэтаўтрымальнік дапусьціў уцечку — адказвае ён».

Калі пашанцавала з афіцэрамі КДБ

Самому Аляксандру Алесіну даводзілася сутыкацца з тым, што яго спрабавалі абвінаваціць у абнародаваньні сакрэтаў

«У свой час я апублікаваў інфармацыю, якую ўзяў са слуханьняў парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі пра ўзбраеньне, якое паступіла ў беларускае войска. І тагачасны міністар абароны Мальцаў загадаў вайсковай контрвыведцы заняцца маёй асобай. Але ў мяне была спасылка на выданьне парлямэнцкага сходу, якое апублікавала інфармацыю з парлямэнцкіх слуханьняў. Тая асоба, якая агаласіла гэтую інфармацыю і тая асоба, якая пусьціла гэтую інфармацыю ў адкрытую крыніцу — яны адказныя за гэта. Я скарыстаўшыся ёй, не нясу ніякай адказнасьці. Часта і кіраўнікі вайскова-прамысловых прадпрыемстваў скардзіліся на мяне, калі Мясьніковіч быў прэм’ер-міністрам. Але ва ўсіх тых выпадках гэтая інфармацыя ўжо недзе публікавалася».

«У свой час я апублікаваў інфармацыю пра ракетныя цягачы, якія вырабляюць на менскім заводзе колавых цягачоў і якая была апублікаваная ў маскоўскай газэце „Известия“, — працягвае Аляксандар Алесін. — Проста перадрукаваў. І патрапіў на прафіляктычную гутарку ў КДБ. Але добра, што там былі маладыя хлопцы, якія разумелі абсурднасьць сытуацыі. А палягала яна ў тым, што ў нас, у Беларусі, гэтая інфармацыя была не рассакрэчаная, а ў Расеі — рассакрэчаная. І фармальна выглядала, што я абнародаваў сакрэтную інфармацыю. Узьнікла юрыдычная калізія: расейскія войскі стратэгічнага прызначэньня абнародавалі гэтую інфармацыю, а ў Беларусі яна была сакрэтнай. Мне пашанцавала, што трапіліся маладыя, не закасьцянелыя афіцэры КДБ».

Цяпер інфармацыя такога кшталту ў Беларусі і Расеі ўніфікаваная, і катэгорыі сакрэтнасьці агульныя, дзейнічае пагадненьне аб захаваньні вайсковых сакрэтаў. У якой ступенні гэтая ўніфікацыя адпавядае нацыянальным інтарэсам і захаваньню сувэрэнітэту Беларусі — тэма асобная.

Запрасіць у рэстаран, напаіць, выведаць таямніцу

Могуць быць сытуацыі, пры якіх дзеяньні журналіста могуць кваліфікавацца як злачынства.

«Скажам, журналіст запрасіў у рэстарацыю ўтрымальніка дзяржаўных сакрэтаў, напаіў яго, ці схадзіў зь ім у лазьню, на рыбалку — і ў канфэрэнцыйнай сытуацыі зрабіў намаганьні, каб выцягнуць зь яго сакрэтную інфармацыю, а потым перадаў яе іншай дзяржаве — у дадзеным выпадку ён дзейнічае як агент замежнай дзяржавы. То бок ён мэтанакіравана імкнецца атрымаць менавіта сакрэтную інфармацыю ад носьбіта, які валодае такой інфармацыяй. І тады будуць адказваць абодва. Таму тут сапраўды небясьпечная мяжа — журналіст, які хоча пранікнуць у пэўную тэму, павінен паводзіць сябе вельмі асьцярожна. Але калі носьбіт сакрэтаў дзеліцца сам інфармацыяй, без таго, каб сам журналіст яго схіляў і г.д. — туі, як мне падаецца, журналіст ня мусіць несьці адказнасьці».

Зьмена статусу — гэта і зьмена адказнасьці

Што тычыцца справы Івана Сафронава, дык тут, на думку Аляксандра Алесіна, адыграла ролю цяперашняе службовае становішча былога карэспандэнта «Коммерсанта» і «Вестей».

«Сафронаў пісаў на вайсковыя тэмы і часта публікаваў не сакрэтную, але казытлівую інфармацыю. Аднак яму гэта сыходзіла з рук таму, што ён карыстаўся неназванымі крыніцамі ва ўрадавых органах і ў вайсковым ведамстве. Ён ня быў дапушчаны да кола дзяржаўных, вайсковых, касьмічных і іншых сакрэтаў. Але паколькі ён стаў дарадцам кіраўніка „Роскосмосу“, ён зьмяніў свой статус. Ён зрабіўся практычна дзяржаўным чыноўнікам і асобай, якая дапушчаная да дзяржаўных таямніцаў. У гэтай якасьці ён ня можа разгалошваць інфармацыю, якая яму давераная як службовай асобе. Мэта журналіста — распаўсюджваць інфармацыю. Калі ён прабраўся ў дзяржаўную ўстанову, узламаў сэйф і апублікаваў — ён нясе адказнасьць. Але калі ён скарыстаўся інфармацыяй, якую распаўсюджвае нейкая крыніца, паводле ўсіх юрыдычных нормаў ён не павінен адказваць. Але як толькі ён мяняе свой статус — ён робіцца адказнай асобай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG